Кобрынскія выпускнікі развіталіся са школай.

Мы часта не заўважаем, як хутка растуць нашы дзеці. Пакуль аднойчы раптам не зразумеем: яны ўжо сталі дарослымі. Менавіта таму апошні званок — заўсёды крышачку сумная ўрачыстасць. Але гэта — добры і правільны сум. Таму што ў такія моманты разам з адчуваннем няўмольнага бегу нашых уласных гадоў лепш за ўсё разумееш – яны былі пражытыя недарэмна.


Такім этапам у жыцці стаў гэты суботні дзень для тысяч настаўнікаў, бацькоў і вучняў. Сярэдняя школа № 2, куды мы завіталі крышачку раней, чым пачалася ўрачыстая лінейка, сустрэла нас дзіўнай цішынёй. Тут ішоў апошні, развітальны ўрок, у час якога выпускнікі маглі, бадай што, у апошні час адчуць сябе школьнікамі, успомніць мінулыя гады – ды свае першыя ўрокі разам са сваёй першай настаўніцай. І нават згуляць ролю ў апошняй школьнай тэатральнай мініяцюры, нібыта рыхтуючыся да будучых складаных і шматгранных сацыяльных роляў, якіх зусім хутка будзе патрабаваць дарослае жыццё.


— Сённяшні дзень, як ніякі іншы, напоўнены дабром — добрыя ўсмешкі, добрыя слёзы развітання, — адзначыў у час урачыстай лінейкі старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. — І, гледзячы на нашых дзяцей, на нашых выпускнікоў, вельмі хочацца, каб яны на самай справе аказаліся гатовымі да нашага зусім няпростага жыцця і да ўсіх яго выпрабаванняў. А мы будзем маліцца за іх усіх – і за тое, каб усё ў іх атрымалася.


Выпускнікі развітваюцца са школай, дзе іх вучылі чытаць, пісаць — і спачуваць, складваць, дзяліць – і любіць сваю краіну, разбірацца ў навуках і ў людзях. Выпускнікі развітваюцца са школай, дзе настаўнікі прыкладалі ўсе намаганні для таго, каб з гэтых сцен яны выйшлі дастойнымі людзьмі і сапраўднымі грамадзянамі. Выпускнікі развітваюцца са школай, а ў неба, развітваючыся з зямлёю, нібыта чыстыя дзіцячыя мары, узнімаюцца рознакаляровыя паветраныя шарыкі…
А пасля ўрачыстай лінейкі выпускнікі разам з першакласнікамі, нібыта жывы сімвал яднання будучыні і сучаснасці, усклалі кветкі да помніка ў скверы Пуганава, ушаноўваючы памяць тых, хто калісьці аддаў жыццё за гэтую самую будучыню. За тое, каб нараджаліся і вырасталі дзеці, каб ішлі ў свет новыя выпускнікі, каб год за годам выціралі слёзы радасці і добрага, цёплага суму іх бацькі і настаўнікі. І каб працягвалася жыццё…
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

На хороших условиях мужская папка для бумаг для всех клиентов.