Выстава “Імгненні сямейнага шчасця” кобрынскага фатографа і літаратара Ігара Сідарука была разгорнута ў Кобрынскім аддзеле ЗАГС.

Урачыстае адкрыццё прайшло 15 мая, у дзень сям’і, хаця паглядзець на работы наведвальнікі ЗАГСа маглі яшчэ раней. Адметнасць фотаработ заключаецца ў тым, што ўсе фотаздымкі перанесены на вялікія льняныя палотны і зроблены ў выглядзе карцін. Кожны здымак напоўнены эмоцыямі, сонцам, радасцю, шчырасцю, пазітывам і пяшчотай. Усё гэта яскрава адлюстроўвае імгненні сапраўднага сямейнага шчасця.
— Займаюся фатаграфіяй прыкладна два гады, — дзеліцца Ігар Фёдаравіч. — Звычайна здымаю самыя яскравыя карціны жыцця чалавека: хрышчэнне, моманты дзяцінства, заключэння шлюбу, сямейныя фатаграфіі. Мова фотаздымкаў зразумелая кожнаму, праз яе можна выразіць адносіны да свету.
Першапачаткова аўтар не ставіў мэту зрабіць такую экспазіцыю.
— Я зрабіў для сябе і сваіх сяброў пробныя фотапалотны, — працягвае аўтар. — Паказаў іх работнікам ЗАГСа, на што паступіла прапанова зрабіць цэлую выставу.
Паводле прызнання самога Ігара Сідарука, яму больш падабаецца здымаць менавіта дзяцей – яны заўсёды шчырыя і адкрытыя, а іх эмоцыі – непадкупныя.
На ўрачыстасць сабраліся і героі фотаработ. Свой запіс у Кнізе водгукаў пакінуў і старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля.
Потым усіх гасцей папрасілі прайсці ў вялікую залу, дзе кіраўнік спраў Кобрынскага райвыканкама Валянціна Парфянюк урачыста ўручыла пасведчанні аб нараджэнні дзяцей сем’ям, дзе нядаўна паявіліся на свет немаўляткі. Таксама было праведзена пасяджэнне “Школы маладой сям’і” для тых пар, якія толькі-толькі падалі заявы на заключэнне шлюбу.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота Ірыны ЛЕСІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *