На старце — “залатыя рыбкі”

Кожны, хто хоць раз быў у басейне, згадзіцца – менавіта плаванне з’яўляецца своеасаблівым універсальным трэнажорам, які не толькі адначасова ўздзейнічае на ўвесь арганізм, але і надае проста неверагодную колькасць жыццёвай энергіі. А калі ўсё гэта яшчэ спалучаецца з дзіцячым энтузіязмам і атмасферай сапраўднага спаборніцтва – можна быць упэўненым: незадаволеных не застанецца. Менавіта такі пазітыўны настрой панаваў на раённым адборачным этапе фестывалю для юных аматараў плавання “Залатая рыбка” на прызы Аляксандры Герасімені, які нядаўна прайшоў у Кобрынскай СДЮШАР.


— У спаборніцтвах прымаюць удзел дзеці школ Кобрына 3-4 класаў, а таксама сем’і, — расказвае метадыст КСДЮШАР Ігар Угляніца. – Усе дзеці плывуць вольным стылем дыстанцыю 25 метраў. Гэта – самы першы этап фестывалю, які праходзіць паміж установамі агульнай сярэдняй адукацыі. Пераможцы будуць змагацца за зборную раёна ўжо на абласным этапе.


Нягледзячы на тое, што спаборнічалі не прафесійныя спартсмены, відовішча атрымалася цікавым. Было відаць, што ўдзельнікі “выкладваліся” дзеля перамогі, надавалі азарту і балельшчыкі з боку бацькоў, якія бадзёрымі крыкамі падтрымлівалі сваіх “залатых рыбак”.

Вельмі эмацыянальна прайшоў і этап, у якім спаборнічалі цэлыя сем’і, – волю да перамогі прадэманстравалі і бацькі, і маці, і, зразумела, самыя маленькія ўдзельнікі. Безумоўна, цікава і весела было ўсім — але спорт ёсць спорт, і ў кожным спаборніцтве павінны быць пераможцы. У выніку лепшай стала каманда СШ № 8, другое месца дасталося гімназіі г. Кобрына, а трэцяе заваявала каманда СШ № 7.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *