Пільная ўвага — да кожнага звароту

Менавіта так можна ахарактарызаваць стыль, у якім старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля нядаўна ажыццяўляў чарговы асабісты прыём грамадзян. За дапамогай і падтрымкай у той дзень звярнуліся васямнаццаць чалавек. Кабрынчане агучвалі перад кіраўніком раёна свае праблемныя пытанні, якія тычыліся будаўніцтва, добраўпарадкавання, аховы грамадскага правапарадку, развіцця турыстычнай інфраструктуры горада і інш.


На прыём звярнулася маці дзіцяці-інваліда, якая цікавілася, ці магчыма выправіць усе недапрацоўкі пасля завяршэння будаўніцтва дома з безбар’ерным асяроддзем – зрабіць больш зручнымі пандусы, абсталяваць кватэру такім чынам, каб чалавек з абмежаванымі магчымасцямі здолеў самастойна, без дапамогі іншых, сябе абслугоўваць, і інш. Аляксандр Зазуля адзначыў, што гэтыя праблемныя моманты — не адзінкавыя ў Кобрыне. Патрабуюцца значныя фінансавыя сродкі. Сітуацыя будзе дэталёва вывучацца і вырашацца па магчымасці. Таксама жанчына цікавілася, ці магчыма ў школе, дзе навучаецца яе дзіця-інвалід, увесці пасаду інструктара па лячэбнай фізкультуры. Абгрунтаванасць гэтага пытання будзе разгледжана на нарадзе з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Валянціна Трубчыка.
У працэсе прыёму ў старшыні райвыканкама на пытанні наведвальнікаў давалі кампетэнтныя адказы іншыя прадстаўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама. Аб асаблівасцях выдзялення зямельных участкаў кансультаваў заяўнікаў начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Аляксандр Агіевіч. З удзелам начальніка аддзела ЖКГ райвыканкама Алы Цыбрыўскай разглядаліся магчымасці выдзялення сацыяльнага жылля і прыватызацыі. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Павел Адамовіч даў разгорнуты адказ наконт развіцця тэніса ў горадзе. Дырэктар КУП “КобрынрайУКБ” Мікалай Кожух тлумачыў па будаўнічых пытаннях і інш.
Як адзначыў Аляксандр Зазуля, большасць праблем, якія агучваліся на прыёме, так ці інакш звязана з фінансамі.
— На практыцы многія кабрынчане не разумеюць, што нават пры дапамозе дзяржаўнага бюджэту за адзін момант усіх праблем не вырашыць. На гэта патрабуецца пэўны час. Разам з кіраўнікамі службаў і ведамстваў раёна, грамадскасцю буду імкнуцца зрабіць усё, каб поўнасцю газіфікаваць Кобрыншчыну, пракласці ўсюды, дзе неабходна, каналізацыю і водаправод, правесці электрычныя сеткі і іншыя камунікацыі. Трэба разумець, што ажыццявіць гэта магчыма толькі разам, аб’яднаўшы ўсе намаганні. Як старшыня райвыканкама буду ў межах прававога поля і далей змагацца з выплатай зарплат “у канвертах”. Гэта з’ява падрывае агульнае фінансава-эканамічнае становішча раёна. Таксама хацелася б звярнуцца да тых бацькоў, якія абыякава ставяцца да выхавання сваіх дзяцей. У выніку мы маем знішчаныя малыя архітэктурныя формы, святлафоры, дарожныя знакі, а таксама малюнкі на сценах дамоў і ў пад’ездах. А гэта таксама істотныя страты для бюджэту.
Узаемаразуменне, сістэмнасць у рабоце ўлады і грамадскасці дапамогуць вырашыць існуючыя пытанні і знізіць колькасць неабгрунтаваных зваротаў.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Зазуля ў час асабістага прыёму.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *