Рэцэпт даўгалецця ад “Вертыкалі”

    Фізкультура і спорт – крыніцы здароўя, энергіі і бадзёрасці. Без іх наўрад ці можна адчуць усю прыгажосць і радасць жыцця. У гэтым перакананы кожны ўдзельнік стаўшай ужо традыцыйнай дзесятай спартакіяды “Вертыкаль” сярод работнікаў выканаўчых і распарадчых органаў улады, якая ў мінулыя выхадныя пад эгідай упраўлення па фізкультуры, спорце і турызме аблвыканкама і Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь праводзілася ў Кобрыне.

    Да гэтых адказных стартаў старанна рыхтавалася і каманда Кобрынскага раёна на чале з капітанам — начальнікам аддзела па фізічнай культуры, спорце і турызме райвыканкама Васілём Знахарчуком. Праграма была рознапланавай — валейбол, футбол, шашкі, шахматы, плаванне, настольны тэніс, дартс, більярд, велаэстафета і велатрыял, стральба з пісталета па электронных мішэнях.
    На адкрыцці “Вертыкалі” ў сваім выступленні старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар зазначыў, што сёлета пасля правядзення ў Кобрыне рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2009” увод у эксплуатацыю аквапарка, лядовай арэны, вяслярнага канала, стадыёна “Юнацтва”, лыжаролернай трасы дазволіць даволі паспяхова ўкараняць не толькі спорт высокіх дасягненняў, але і фізкультуру для шырокіх слаёў насельніцтва розных узростаў.
    — Хочацца спадзявацца, што такая матэрыяльна-тэхнічная база, як у Брэсце, Кобрыне і шэрагу іншых гарадоў Брэстчыны пазітыўна паўплывае на развіццё зімовых відаў спорту і плавання. Ужо ў наступным годзе ў нас ёсць усе магчымасці, каб праводзіць на Брэстчыне сапраўдныя хакейныя баталіі. Дзякуючы здароваму ладу жыцця можна дасягнуць больш высокіх паказчыкаў у народнагаспадарчым комплексе, быць заўсёды бадзёрымі і аптымістычнымі. І прадстаўнікі ўлады, якія ўдзельнічаюць у “Вертыкалі”, з’яўляюцца добрым прыкладам у гэтым, — падкрэсліў Канстанцін Сумар.
    У першы дзень запомніліся напружаныя валейбольныя паядынкі, у якіх самааддана змагаліся за лідарства кабрынчане. У склад нашай каманды ўвайшлі такія вопытныя спартсмены, як Аляксандр Сідзюк, Валянцін Трубчык, Васіль Знахарчук і інш. Адна з папярэдніх гульняў за выхад у фінал выдалася асабліва напружанай. Сапернікамі кабрынчан сталі валейбалісты са Століншчыны. Аднак нашы землякі літаральна вырвалі перамогу — выйгралі з лікам 2:1. У другі дзень балельшчыкі горача падтрымлівалі кобрынскую каманду, калі яна супрацьстаяла моцнаму прэсінгу валейбалістаў з аблвыканкама. Але і тут фартуна і вопыт дапамаглі заняць першае месца. Парадавалі мясцовых балельшчкаў і плыўцы. Лідарам воднай эстафеты стаў Валерый Іванюк. Ён зрабіў добры зачын для ўсёй каманды, якая ў выніку перамагла. Таксама кабрынчане дастойна праявілі сябе ў велаэстафеце, якая адбылася ў нядзелю. Фізкультурнікам было неабходна за кароткі адрэзак часу пераадолець амаль два кіламетры шляху па вул. Дзяржынскага.
    Сваімі ўражаннямі ад “Вертыкалі” ахвотна падзяліўся з “КВ” дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля, які адзначыў высокую ролю падобных стартаў у жыцці не толькі раёна, вобласці, але і краіны. Аляксандр Іванавіч паведаміў, што ў 2010 годзе плануецца сфарміраваць аб’яднаную каманду ад дэпутатаў усіх узроўняў і прыняць удзел у наступнай “Вертыкалі”.
    У бліц-інтэрв’ю нашай газеце старшыня райвыканкама Мікалай Кенда адзначыў, што Кобрын здольны штогод прымаць удзельнікаў спаборніцтваў падобнага кшталту. Ужо зусім хутка, паведаміў ён, адбудзецца адкрыццё аквапарка і лядовай арэны, што стане сапраўдным падарункам для ўсіх аматараў фізкультуры. У адпаведнасці з зацверджанымі планамі будзе працягвацца найважнейшая кампанія і па добраўпарадкаванню горада, рамонту і рэканструкцыі жылля.
    Узнагароджанне прызёраў і пераможцаў ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося ў гарадскім Палацы культуры. Канстанцін Сумар уручыў лепшым фізкультурнікам кубкі, медалі і дыпломы, пажадаў моцнага здароўя, плёну ў штодзённай працы. А завяршылася “Вертыкаль” канцэртам лепшых самадзейных артыстаў.
    Раман МЕЛЬНІК.
    Фота аўтара.
    НА ЗДЫМКАХ: кобрынскія валейбалісты — лепшыя;
    у час спаборніцтваў па шахматах; Канстанцін Сумар уручае кабрынчанам заслужаныя ўзнагароды.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *