Прыпынак забаронены!

    Колькі разоў быў сведкай хвалюючай карціны. На плошчы Свабоды, каля будынка швейнай фірмы “Лона”, па абодвух баках дарогі ўстаноўлены знакі дарожнага руху “Прыпынак забаронены”. Сама праезная частка падзелена суцэльнай разметкай, якую, як вядома, перасякаць нельга. Тым не менш, у гэтым месцы горада заўсёды стоўпатварэнне. Уладальнікі легкавых аўто абыякава ставяцца да правілаў дарожнага руху і пакідаюць машыны пад забараняючымі знакамі. Пасля пасадкі пасажыраў буйнагабарытны аўтобус “МАЗ”, каб, крый Божа, не зачапіць бортам чужыя крылы ці бамперы, літаральна ў лічаных сантыметрах віртуозна вырульвае каля машын.
    Супрацоўнікі АДАІ імгненна адрэагавалі на гэтую сітуацыю. Уладальнікам аўтамабіляў, якія не выконваюць патрабаванні дарожнага знака “Прыпынак забаронены”, без размоў пачалі выпісваць штрафы ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь. Ну а да тых, хто другі і трэці раз парушыў гэта правіла, прымаюцца больш радыкальныя меры. На ўзбраенне у КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” паступіў транспартны эвакуатар, якому на плошчы Свабоды хапіла работы. Дарэчы, за ягоныя паслугі аўтаўладальнікам даводзіцца раскашэльвацца. Іх машыны вывозяць на аўтастаянку ЗАТ “Кобрын-Лада”.
    Як зазначыў дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС капітан міліцыі Віктар Казак, праблема пачала паступова вырашацца, у тым ліку і таму, што супрацоўнікі міліцыі ўзялі гэта месца на асобы кантроль і сістэматычна правяраюць выкананне вадзіцелямі правілаў дарожнага руху на небяспечным адрэзку праезнай часткі ў цэнтры горада.

Раман МЕЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *