Кабрынчане трапілі ў Італію: «Ніякага моўнага бар’ера!»

Кобрын — Брно — Удзінэ — Трыест — Венецыя — Фларэнцыя — Вена – Кобрын. Такі незвычайны маршрут чакаў педагогаў і вучняў Кобрыншчыны.
Ідэя пазнаёміць дзяцей і педагогаў з італьянскай сістэмай адукацыі ўзнікла ў дырэктара ДУА “Кіселявецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа” Ірыны Зінкевіч пасля цікавай паездкі ў Італію, дзе педагогаў з Беларусі знаёмілі з арганізацыяй працы дашкольных устаноў. І вось дзякуючы праекту, які быў распрацаваны дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “Разам да лепшага будучага” г. Мінска, дзеці і педагогі з нашага раёна — усяго 45 чалавек — у рамках культурна-адукацыйнай праграмы “Мост сяброўства: Беларусь — Італія” на некалькі дзён адправіліся ў Італьянскую Рэспубліку.


Беларускіх гасцей сустрэлі ў школе горада Праманджор рэгіёна Венета. Беларуска-італьянскі сцяг упрыгожыў надпіс па-беларуску: “Сардэчна запрашаем”. Было відаць, што гаспадары рыхтаваліся і чакалі гасцей.
— Сустрэлі нас вельмі цёпла. Італьянцы расказалі пра сваю школу, сістэму адукацыі, — гаворыць Ірына Зінкевіч. — Мы, у сваю чаргу, пазнаёмілі іх з сістэмай адукацыі Рэспублікі Беларусь — прадэманстравалі фотаздымкі са школьнага жыцця, кожны з дзяцей расказаў пра свае захапленні, пра тыя магчымасці, якія даюць школьныя заняткі па інтарэсах, спявалі песні пра Беларусь. Падчас сустрэчы прагучалі гімны дзвюх краін.
Пасля цікавай экскурсіі паміж педагогамі краін адбыўся дыялог. За “круглым сталом” былі абмеркаваны розныя пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу — ад планавання да правядзення ўрока, выстаўлення адзнак, састаўлення раскладу школьных заняткаў і многае іншае. Высветлілася, што краіны крочаць у нагу — як і ў некаторых беларускіх школах, у прамаджорскай толькі пачынаецца эксперыментальнае ўвядзенне электронных журналаў, інтэрактыўных дошак.
У гэты ж час, пасля спартыўнай гульні, дзеці працягвалі сустрэчу ў кабінетах школы, дзе атрымалі заданне намаляваць сваю краіну. Гатовыя малюнкі яны падарылі адзін аднаму. У знак сяброўства на вялікім лісце паперы беларускія падлеткі намалявалі свае далоні, напісалі імёны і пажаданні для італьянскіх равеснікаў.
Напрыканцы сустрэчы госці былі запрошаны да салодкага стала, паспрабавалі выпечку, прыгатаваную бацькамі італьянскіх дзяцей.
Сустрэчай у школе засталіся задаволены і арганізатары, і госці, але асабліва яна падарыла радасць дзецям, якія, развітваючыся, запісвалі нумары тэлефонаў нават на руках.
За сем дзён падарожжа беларусам давялося пабачыць мноства незабыўных месцаў, нават Адрыятычнае мора. Надоўга запомніцца дзень у Фларэнцыі — на дрэвах аліўкі, мандарыны, хурма, лімоны. У Вене слухалі арган, спрабавалі смажаныя каштаны, у Венецыі — ванільнае марожанае.
Вялікую ролю для таго, каб паездка атрымалася, адыграў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Усе ўдзельнікі вельмі ўдзячныя за такую цудоўную магчымасць пашырыць свой кругагляд.
Ірына ЛЕСІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *