«Кобрынскі веснік» прыходзіць у кожную сям’ю з дабром!

Заўсёды з цікавасцю супрацоўнікі раённай газеты “Кобрынскі веснік” сустракаюцца са сваімі чытачамі падчас правядзення Дня падпісчыка. У мінулы панядзелак гэта мерапрыемства пры падтрымцы прадстаўнікоў Кобрынскага раённага вузла паштовай сувязі адбылося ў фае будынка раённага выканаўчага камітэта па вуліцы Суворава, 25.


Нягледзячы на штодзённыя турботы прадстаўнікі мясцовай улады таксама праявілі жывы інтарэс да падпісной кампаніі. Вітаў журналістаў і паштавікоў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, які выпісаў “Кобрынскі веснік” на першы квартал 2014 года. Аляксандр Іванавіч пажадаў усяму творчаму калектыву “раёнкі” натхнення, “вострага пяра”, рэалізацыі ў газеце новых крэатыўных ідэй і праектаў, якія б прыцягвалі ўвагу яшчэ большай колькасці чытачоў.
Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Бабій адной з першых пажадала аформіць падпіску на “Кобрынскі веснік”.


— На працягу шэрагу гадоў запрашаю раённую газету ў свой дом. На старонках “КВ” падабаюцца навіны, актуальныя інтэрв’ю, багаты калейдаскоп рубрык і спецыяльных праектаў. Нярэдка чытаю матэрыялы пра сваіх сяброў і знаёмых, іх працу і цікавыя захапленні. Шмат карыснай інфармацыі знаходжу для маёй сям’і. Разам з дачушкай Ганнай чытаем матэрыялы, прысвечаныя маладзёжнаму жыццю. Прыемна, што ў “Кобрынскага весніка” ёсць свой сайт, дзе наладжана сувязь паміж рэдакцыяй і чытачамі, можна пакінуць свае слушныя каментарыі.
Усяго ў той дзень выпісалі “раёнку” пяцьдзясят чалавек, кожны з іх атрымаў прыемныя сувеніры.
У аўторак на базе шостага аддзялення паштовай сувязі, што па вуліцы Інтэрнацыянальнай, адбыўся абласны Дзень падпісчыка. Першай падпісалася на “Кобрынскі веснік” дырэктар Верхалескай сярэдняй школы Ніна Ляўчук.


— Заўсёды без напамінаў выпісваю раённую газету — яна ўжо даўно стала неад’емнай часткай майго жыцця, — адзначае Ніна Ляўчук. — Прыемна, што шмат матэрыялаў прысвечана праблемам і перспектывам аграпрамысловага комплексу, сацыяльнай сферы. Злабадзённыя пытанні былі і застаюцца ў полі зроку любімага друкаванага выдання. Жадаю “КВ” далейшага росквіту!
Дваццаць пяць чалавек сталі нашымі падпісчыкамі ў аўторак і атрымалі падарункі. Чытайце і выпісвайце раённую газету!
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКАХ: Аляксандр Зазуля афармляе падпіску на “Кобрынскі веснік”; нашы першыя падпісчыкі Таццяна Бабій і Ніна Ляўчук.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *