У Кобрынскім раёне на базе КУП “ДРАЦ “Колас” адбыўся рэспубліканскі семінар “Асаблівасці гаспадарчай дзейнасці ў рыначных умовах на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра”.

Спецыфіка продажу паслуг карэнным чынам адрозніваецца ад спецыфікі продажу, напрыклад, сыравіны – для таго, каб зрабіць сваю прапанову ў гэтай сферы прывабнай, трэба выканаць цэлы шэраг умоў. Як дабіцца гэтага ва ўмовах дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра, якую стратэгію росту выбраць, на што ў першую чаргу неабходна звярнуць увагу – гэтыя і многія іншыя пытанні абмяркоўваліся на працягу рэспубліканскага семінара “Асаблівасці гаспадарчай дзейнасці ў рыначных умовах на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра”, які прайшоў нядаўна на базе КУП “ДРАЦ “Колас”.


Пачалася праграма дня з экскурсіі па тэрыторыі, падчас якой удзельнікі семінара пазнаёміліся з умовамі пражывання ў цэнтры і з паслугамі, якія аказваюцца яго наведвальнікам. Вялікую зацікаўленаць выклікалі сучаснае абсталяванне для гідратэрапіі, тэрма- і святлолячэння, інгаляцыйнай тэрапіі, сухія вуглякіслыя ванны, SPA-працэдуры, абсталяванне для разнастайнага масажу і інш. Гасцей, сярод якіх былі кіраўнікі падобных устаноў з усёй Беларусі, цікавілі ўсе нюансы.

Пасля заканчэння экскурсіі сваімі ўражаннямі падзялілася начальнік прадстаўніцтва “Брэсцкае абласное ўпраўленне рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Ніна Чопчыц:
— Галоўная задача сённяшняга семінара – высветліць, якім чынам трэба весці гаспадарчую дзейнасць у такіх установах. Што датычыцца месца правядзення, то ў 2010-м годзе “Колас” быў прызнаны лепшым у рэспубліцы, і сённяшняя экскурсія яшчэ раз пацвярджае, што цэнтр заслугоўвае той адзнакі, якую атрымаў тры гады таму. Зразумела, перш за ўсё гэта – установа, дзе адпачываюць і аздараўляюцца дзеці з бацькамі. Для таго, каб эфектыўна развівацца, патрэбны і новыя шляхі. Таму, акрамя сваёй асноўнай дзейнасці, цэнтр эфектыўна займаецца і продажам паслуг, у тым ліку для замежных спажыўцоў.
Як адзначыў у сваім дакладзе дырэктар КУП “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Колас” Юрый Цітовіч, асобая ўвага ва ўстанове заўсёды ўдзялялася якасці і актуальнасці прапануемых паслуг. Таму важнае месца займаюць інавацыі і пастаяннае прыцягванне новых тэхналогій. Паслугі, якія прапаноўвае “Колас”, запатрабаваныя і на Кобрыншчыне, і ў нашай краіне, і за яе межамі.


Не забываюць у цэнтры і пра развіццё пазітыўнага іміджу ўстановы — кліента сёння цікавіць забеспячэнне не толькі асноўных рэкрэацыйных патрэб, але і культурных, бытавых, пазнавальных і інш. Так, у 2010-м годзе закончана будаўніцтва 5-ці катэджаў сямейнага тыпу. У 2011-м годзе ўведзена ў эксплуатацыю мыйка грузавых і легкавых аўтамабіляў, якая дазволіла пашырыць спектр платных паслуг і стварыць новыя рабочыя месцы. Ёсць і планы на будучыню — у першым квартале 2014 года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю мадэрнізаванае кафэ на 32 месцы для дзяцей і дарослых, у перспектыве таксама разглядаецца бурэнне свідравіны мінеральнай вады і будаўніцтва плавальнага басейна з прыцягненнем інвестараў блізкага і далёкага замежжа.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *