Вектар дзелавой актыўнасці

    Пачынаючы з 1995 года, ва ўтульным памяшканні адміністрацыйнага будынка ААТ “Гідрамаш” па вул. Савецкай, 109 у г. Кобрыне вядзе свае справы цэнтр банкаўскіх паслуг (ЦБП) №44 галоўнага філіяла па Брэсцкай вобласці ААТ “Белінвестбанк”. Рэйтынгі сведчаць, што ў цэлым па краіне гэтая ўстанова на працягу пэўнага часу ўваходзіць у “тройку” вядучых дзяржаўных банкаў Рэспублікі Беларусь.
    “Белінвестбанк” па праву заслужыў высокі аўтарытэт у Кобрынскім раёне і напрацаваў трывалую кліенцкую базу. Паводле слоў начальніка мясцовага ЦБП Галіны Кірчук, на сённяшні дзень у банка каля 80 пастаянных надзейных партнёраў, з якіх 34 – юрыдычныя асобы, астатнія – індывідуальныя прадпрымальнікі. На працягу шэрагу гадоў банк вядзе справы з буйнымі будаўнічымі арганізацыямі Кобрына – ААТ “Будтрэст №33” і ААТ “Баспорская кампанія”, ЗАТ “AVP студыя “Фактарпраект”. Толькі пазітыўныя водгукі паступаюць ад супрацоўнікаў ААТ “Гідрамаш”, СТАА “ПМ і кампанія”, СТАА “Флексапак-плюс”, якія таксама ўваходзяць у спіс пастаянных кліентаў.
    У ЦБП ажыццяўляюцца асноўныя разлікова-касавыя паслугі для фізічных асоб – валютна-абменныя аперацыі, выплата зарплат, аплата за камунальныя паслугі, прыём укладаў насельніцтва як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце – доларах, еўра і расійскіх рублях, і інш. Грамадзяне пры дапамозе “Белінвестбанка” маюць магчымасць ажыццявіць маментальныя грашовыя пераводы па сістэме “Экспрэс-перавод” па ўсёй краіне (толькі ў беларускіх рублях). Ну, а калі вы сабраліся за мяжу – самы час выкарыстаць “CONTACT” – сістэму пераводаў у валюце, якая з’яўляецца аналагам славутай “Вестэрн Юніён”, аднак значна танней і прасцей за яе. Грошы паступяць да Вас у той жа дзень.
    “Белінвестбанк” – фінансавая ўстанова, якая заўсёды знаходзіцца ў рэжыме творчага пошуку, рэалізуе новыя ідэі і праекты. Галоўны вектар, які вызначаны кіраўніцтвам, – павышэнне ролі ў банкаўскім сектары з высокай дзелавой актыўнасцю і спрыяльнымі інвестыцыйнымі ўмовамі, развіццё як стратэгічнага партнёра для сваіх кліентаў, які вырашае задачы фінансавання высокаэфектыўнага бізнэсу, паэтапная інтэграцыя ў міжнародную фінансавую сістэму. У бліжэйшы час запланавана далейшая работа па захаванню пазіцый на рынку банкаўскіх пластыкавых картак, укараненню новых банкаўскіх прадуктаў (перадаплачаныя карткі, мабільны і інтэрнэт банкінг).
    Вядома, што і кадравая палітыка, ад якой залежыць вялікі працэнт поспеху, таксама будзе ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва “Белінвестбанка”. Кваліфікаваных, адказных супрацоўнікаў Кобрынскага ЦБП, як гаворыцца, ведаюць у твар многія кліенты. Кампетэнтна і аператыўна вядуць абслугоўванне галоўны эканаміст банка Іна Масяйчук, касір Зінаіда Грэнь і многія іншыя банкаўскія служачыя. Як сцвярджае начальнік ЦБП Галіна Кірчук, залог поспеху ўстановы — у яе наладжаных надзейных дзелавых сувязях у бізнэс-колах. А такі тандэм, як вядома, стварыць няпроста.
    Раман МЕЛЬНІК.
    Фота аўтара.
    НА ЗДЫМКУ: галоўны эканаміст банка Іна Масяйчук прымае пастаяннага кліента; касір Зінаіда Грэнь.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *