“Белаграпрамбанк”: з упэўненасцю глядзець у будучыню

    Надзейным партнёрам для сельгаспрадпрыемстваў раёна на працягу многіх гадоў з’яўляецца адкрытае акцыянернае таварыства “Белаграпрамбанк”. У межах Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005-2010 гады мясцовыя ААТ і СПК рэгулярна карыстаюцца слушнымі прапановамі, якія паступаюць ад аграбанка. Ільготны крэдыт мае зусім невялікую працэнтную стаўку — усяго 3-4%. І гэты крок істотна дапамог шэрагу арганізацый вырашыць свае грашовыя пытанні. За кошт крэдытных рэсурсаў “Белаграпрамбанка” былі пабудаваны сучасныя сховішчы для гародніны ў вёсках Батчы і Імянін. Таксама адміністрацыя СВК “Батчы” за кошт банкаўскіх уліванняў набыла сістэму кропельнага паліву. Рэканструкцыя малочнатаварных ферм у СВК “Вербнае”, “Пакроўскі”, ААТ “Гарадзец-агра” і ў іншых арганізацыях, набыццё энерганасычанай тэхнікі таксама не абышліся без дапамогі банка.
    Другі немалаважны этап Праграммы адраджэння сяла – будаўніцтва новых дамоў для маладых спецыялістаў і шматдзетных сем’яў. Усяго ўзведзена 844 будынкі за гарадской мяжой, ці 69,32 тыс. кв. метраў жылля. “Белаграпрамбанкам” за чатыры апошнія гады было прадастаўлена крэдытаў на гэтыя патрэбы на агульную суму больш за 48 млрд. рублёў.
    Паслядоўная інвестыцыйная палітыка дала стымул для развіцця не толькі сельскай гаспадарцы, але і аграэкатурызму. Яго мэта – стварэнне аб’ектаў для комплекснага адпачынку, аздараўлення, магчымасці азнаямлення гасцей Кобрыншчыны з прыродным патэнцыялам, нацыянальнымі і культурнымі традыцыямі. На сённяшні дзень у раёне паспяхова вядуць свае справы ўладальнікі чатырох аграэкасядзіб – сем’і Новік, Главацкіх, Глінскіх і Палікарпук. Як паведаміў кіраўнік аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Кобрыне Сяргей Грыбок, у хуткім часе да іх далучыцца яшчэ адна сям’я з цікавым і арыгінальным праектам у гэтай сферы. Таксама банк прапануе партнёрскія зносіны фермерам. Веснавая і восеньская сяўба, уборачная кампанія, набыццё сельскагаспадарчай тэхнікі… Вырашэнне ўсіх гэтых пытанняў перш-наперш патрабуе сродкаў. І, як паказала практыка, выйсце з такога становішча знайшлі ўжо многія. Так, напрыклад, уладальнік фермерскай гаспадаркі “Вілія-агра” Васіль Новік на працягу некалькіх гадоў актыўна крэдытуецца ў “Белаграпрамбанку” і не думае ў бліжэйшы час мяняць надзейнага партнёра. Васіль Васільевіч сцвярджае, што фінансава-крэдытная ўстанова вядзе справы на прымальных умовах.
    Аднак сфера дзейнасці банка не абмяжоўваецца толькі сельскай гаспадаркай. Ёсць аўтарытэт сярод прадстаўнікоў гарадскога прамыслова-вытворчага комплексу. У ліку пастаянных кліентаў — самыя буйныя прадпрыемствы горада. За кошт сродкаў банка СТАА “ВП Палессе” ў 2007-2009 гг. набыло вытворчыя памяшканні, закупіла новае высокатэхналагічнае абсталяванне. Таксама вядуць справы з банкам ААТ “Кобрынскі масласырзавод”, ААТ “Грушаўскі РМЗ”, ААТ “Кобрынаграмаш”, ААТ “ГП “Надзея”, ПТФ “Ручайка”. Дарэчы, апошняму прадпрыемству два гады таму ўдалося ўзяць крэдыт на суму каля 2 млн. долараў на набыццё сучаснага ткацкага абсталявання. Нядаўна быў прадастаўлены крэдыт ААТ “Кобрынская птушкафабрыка”, дзе патрабавалася тэрміновая рэканструкцыя птушніка.
    Як паведаміў Сяргей Грыбок, усяго за дзевяць месяцаў 2009 года крэдытны партфель аддзялення “Белаграпрамбанка” ў г. Кобрыне ў дачыненні да юрыдычных асоб павялічыўся на 23 млрд. рублёў.
    Паспяхова наладжана работа банка і на рынку рознічных паслуг з насельніцтвам. Крэдытаванне, дэпазіты, набыццё аблігацый, эмісія пластыкавых картак і іншыя банкаўскія прадукты карыстаюцца павышаным попытам сярод кабрынчан. Пры гэтым банк імкнецца аказаць максімальную практычную і інфармацыйную падтрымку кліенту па прынцыпу “адно акно”. Вопытныя кансультанты падкажуць грамадзянам, як правільна ажыццявіць тую ці іншую аперацыю, на які дэпазітны ўклад выгадней пакласці грошы.
    Акрамя галоўнага адміністрацыйнага будынка па вул. Савецкай, абслугоўванне ажыццяўляецца ў двух разлікова-касавых цэнтрах — у Доме гандлю і па вул. Пушкіна, у будынку Дома быта. Яшчэ адзін РКЦ плануецца адкрыць на базе гандлёвага аб’екта ААТ “ГП “Надзея”. Дзейнічаюць два абменныя пункты, 6 банкаматаў, колькасць якіх да канца года будзе павялічана яшчэ на два.
    Добрай традыцыяй для наведвальнікаў стала акцыя “Белаграпрамбанка” “Расці вялікі”. Яе сутнасць у тым, што бацькі робяць спецыяльны грашовы ўклад, а іх нашчадкам штогод на Дзень нараджэння банк дорыць каштоўныя падарункі.
    У сувязі з правядзеннем рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2009” у будынку банка адбылася кардынальная рэканструкцыя і перапланіроўка. Кліенты адзначаюць, што гэта фінансава-крэдытная ўстанова стала больш утульнай і сучаснай. Сапраўды, з такім партнёрам хочацца і далей весці сур’ёзныя справы.
    Раман МЕЛЬНІК.
    Фота аўтара.

На здымку: Будынак банка па вул. Савецкай; у памяшканні банка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *