Александр ЗАЗУЛЯ: “Такая гаспадарка проста не мае права знаходзіцца сярод адстаючых”

Мінула 8 гадоў з таго часу, калі да ПУВП “Брэстдругчармет” быў далучаны зусім, здавалася б, няпрофільны сельскагаспадарчы філіял “Арэхаўскі”, цэнтральная сядзіба якога знаходзіцца ў вёсцы Павіцце. За гэты час у гаспадарцы была праведзена вялікая работа па ўмацаванні эканамічнага патэнцыялу – былі адрамантаваны і ўкамплектаваны сучасным абсталяваннем будынкі комплексаў і фермаў, праведзена тэхнічнае пераўзбраенне, у выніку якога хлебаробы атрымалі 15 новых трактароў, 3 збожжаўборачныя і 2 кормаўборачныя камбайны, пабудаваны зернесушыльны комплекс – усяго не пералічыць. З моманту далучэння ў развіццё філіяла было інвесціравана больш за 30 мільярдаў рублёў. Не засталася ўбаку і вёска – сюды прыйшоў газ, ды і ўвогуле, як адзначаюць самі жыхары, з прыходам “Брэстдругчармета” жыццё змянілася кардынальна.


Усё гэта наглядна пацвердзіў урачысты сход, прысвечаны Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, які адбыўся нядаўна ў Павіцці. Традыцыйна гэтае свята стала і днём падвядзення вынікаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, дырэктар ПУВП “Брэстдругчармет” Вячаслаў Сашко, дырэктар філіяла “Арэхаўскае” Мікалай Хвясько, былы намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Крывецкі, старшыня Павіццеўскага сельвыканкама Мікалай Сухарэвіч, кіраўнікі арганізацый і службаў раёна. Госці атрымалі магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць, чым сёння жыве філіял “Арэхаўскі”. Падчас паездкі па аб’ектах філіяла яны наведалі мадэрнізаваныя фермы “Травы”, “Цэнтральная” і “Слаўнае”, пазнаёміліся з працэсам вырошчвання маладняку, агледзелі новы КЗС, машынна-трактарны парк і сталовую, ацанілі аб’ём работ па мадэрнізацыі і добраўпарадкаванні. Сваімі ўражаннямі падзяліўся старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля:
— Вёска жыве – і без перабольшання, шмат чаго тут ёсць для таго, каб жыць. Але толькі прыкладаннем рук, толькі працай мы можам захаваць усё гэта, у тым ліку самабытнасць, якая сёння ёсць у гэтым прыгранічным рэгіёне. Што ж датычыцца непасрэдна філіяла, то можна сказаць з упэўненасцю — гаспадарка з такой базай і з такім калектывам проста не мае права знаходзіцца сярод адстаючых. Значыць, будзем працаваць, будзем імкнуцца да новых дасягненняў. Тым больш, што, як бачым, неабходнасць гэтага разумеюць і кіраўніцтва, і калектыў.


Дарэчы, менавіта ад калектыву, ад людзей, як справядліва адзначыў на працягу святочнай праграмы дырэктар ПУВП “Брэстдругчармет” Вячаслаў Сашко, на самай справе і залежыць якасць работы любога сельскагаспадарчага прадпрыемства. Галоўнае, заўсёды захоўваць чатыры прынцыпы – ведаць, умець, жадаць і рабіць. А работнікі філіяла гэтаму патрабаванню адпавядаюць у поўнай меры. У гэты ўрачысты дзень узнагароды, прэміі і каштоўныя падарункі знайшлі і ветэранаў, якія аддалі сваёй рабоце ўсё жыццё, і дзеючых супрацоўнікаў, і маладых, якія толькі пачынаюць свой працоўны шлях.
Што ж датычыцца планаў на будучыню, то, як неаднаразова падкрэслівалася ў гэты дзень, філіялу “Арэхаўскае” ёсць да чаго імкнуцца. Зразумела – не ўсе паказчыкі пакуль што выведзены на належны ўзровень, не ўсё яшчэ падцягнута і канчаткова адшліфавана. Але самае галоўнае, што ёсць жаданне працаваць на сваёй зямлі і ёсць магчымасць расці і самаўдасканальвацца ў сваёй справе, кожны дзень узнімаючы на новы ўзровень сваю гаспадарку і свой рэгіён.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *