Бацькоўскі наказ маладым

Шчырыя ўсмешкі юнакоў, словы падтрымкі родных і блізкіх, зіхаценне медалёў на парадных мундзірах афіцэраў Кобрынскага раённага ваеннага камісарыята… Ва ўрачыстай атмасферы ў мінулую сераду ў Палацы культуры праходзілі чарговыя провады ў армію.


Адкрыў мерапрыемства старшыня раённай прызыўной камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, які адзначыў, што абсалютная большасць маладых людзей ідзе ў армію з жаданнем і выдатным настроем. Многія прызыўнікі пасля тэрміновай службы на прафесійнай аснове плануюць працягваць ваенную кар’еру і стаць кадравымі афіцэрамі. Адметна і тое, што сёлетнія прызыўныя кампаніі абышліся без фактаў ухілення прызыўнікоў ад выканання свайго канстытуцыйнага абавязку. Валянцін Васільевіч пажадаў будучым абаронцам Айчыны моцнага здароўя, плённай службы і хутчэйшага вяртання дадому.
Ваенны камісар Кобрынскага РВК палкоўнік Ігар Круглоў зачытаў указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прызыве на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Прагучаў гімн краіны. Па добрай традыцыі расказаў аб сваім баявым шляху ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Грыневіч, які пажадаў рабятам захоўваць і берагчы традыцыі продкаў, любіць і шанаваць сваю Радзіму. Далучыліся да гэтых цёплых, шчырых віншаванняў маці прызыўніка Святлана Гацялюк і настаяцель Свята-Петрапаўлаўскай царквы Аляксандр Канцэвіч. А паднімалі настрой прызыўнікам сваімі яскравымі выступленнямі самадзейныя артысты.
У фае Палаца культуры адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння павестак прызыўнікам. Дарэчы, у ліку тых, хто атрымаў “пуцеўкі” ў армію, быў і праўнук ветэрана вайны Мікалая Грыневіча Яўген Дзідко. Ён паспяхова закончыў Кобрынскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны мастацкі каледж і першы курс Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Жэня займаецца спортам, атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Служыць юнак будзе ў падраздзяленні ваеннай камендатуры Рэспублікі Беларусь у Мінску. Плануе застацца ў арміі на кантрактнай аснове і такім чынам працягваць сямейную традыцыю.
Як паведаміў начальнік аддзела прызыву на воінскую службу Кобрынскага райваенкамата падпалкоўнік Рыгор Козін, з 14 па 28 лістапада плануецца накіраваць у войскі на тэрміновую службу і службу ў рэзерве больш за 100 чалавек. Першымі папоўняць воінскія фарміраванні краіны навабранцы роты ганаровай варты, Пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь, спецназа, ваенна-паветраных сіл і падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: хвалюючы момант: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Грыневіч уручае павестку свайму праўнуку Яўгену Дзідко.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *