В Кобрине состоялся ХІ Международный турнир по дздюдо памяти Игоря Данилюка.

Захоп, эфектны кідок… І вось яна, доўгачаканая перамога пад гучныя апладысменты гледачоў! Менавіта ў такой атмасферы праходзілі паядынкі адзінаццатага па ліку міжнароднага турніру па дзюдо “Нашы вытокі” памяці трэнера Ігара Данілюка, які праводзіўся з 1 па 3 лістапада на базе КСДЮШАР. Сёлета гэта масавае мерапрыемства сабрала пад сваімі сцягамі рэкордную колькасць спартсменаў — больш за паўтысячы! Кобрыншчына гасцінна сустрэла дзюдаістаў з розных куткоў Беларусі, а таксама спартыўныя дэлегацыі з Латвіі (г. Даўгаўпілс), Расіі (г. Жукаў) і Украіны (гарады Шацк, Луцк і Любомль).


У мінулую пятніцу адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця турніру. Спартсменаў шчыра вітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. Аляксандр Іванавіч з задавальненнем адзначыў, што з кожным годам істотна пашыраецца геаграфія спаборніцтваў, планамерна развіваюцца партнёрскія адносіны паміж спартыўнымі суполкамі суседніх краін. Адметна і тое, што на Кобрыншчыне за апошнія пяць гадоў створаны належныя ўмовы для выхавання “зорак” дзюдо. Трэнерскі штат папаўняецца новымі імёнамі. Сёлета распачалі работу ў КСДЮШАР і Хідрынскім аграгарадку маладыя трэнеры Алена Фацеева і Андрэй Гумбатаў. Старшыня райвыканкама пажадаў спартсменам моцнага здароўя і бліскучых перамог.
Як адзначыў трэнер КСДЮШАР па дзюдо Андрэй Данілюк, нашы спартсмены старанна рыхтаваліся да турніру. Выдатныя вынікі ў сёлетнім сезоне дэманструюць мясцовыя таленты Артур Джаніеў, Раман Гліцук, Серафім Шамчук, Дзмітрый Чыкуноў, Уладзіслаў Шубіч і Таццяна Якубовіч. Усе яны заваявалі высокія ўзнагароды на рэспубліканскіх спаборніцтвах.
У бліц-інтэрв’ю “КВ” шчырыя словы ўдзячнасці за цёплы прыём кабрынчанам выказалі кіраўнікі міжнародных дэлегацый — дырэктар цэнтра самба і дзюдо г. Даўгаўпілса Бераніка Кулікова, віцэ-прэзідэнт Федэрацыі дзюдо Валынскай вобласці, суддзя алімпійскай катэгорыі Аляксандр Грыцуняк і заслужаны трэнер Расійскай Федэрацыі па дзюдо Сцяпан Лукін з г. Жукава. Госці запрасілі кобрынскую каманду прыняць удзел у аналагічных спаборніцтвах у іх краінах.
Жорстка, але ў межах правілаў праводзіліся паядынкі. Кожны са спартсменаў дэманстраваў волю да перамогі, выдатную фізічную і псіхалагічную падрыхтоўку. У выніку першыя месцы заваявалі Артур Джаніеў і Серафім Шамчук. На трэцім месцы — Раман Гліцук.
Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны медалямі, дыпломамі, а таксама каштоўнымі падарункамі ад арганізатараў спаборніцтва – групы кампаній “Нашы вытокі”, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ДРАЦ “Колас”, СТАА “ВП Палессе” і інш. А завяршыўся турнір двухдзённым семінарам-трэнінгам па дзюдо (рандоры), які правялі адны з лепшых тренераў Беларусі.


Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *