Кобрыншчына ўрачыста адзначыла 95-годдзе Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі і 50-годдзе студатрадаўскага руху.

Калі запытацца ў сучасных падлеткаў, што такое камсамол – то, думаецца, адказаць зможа далёка не кожны. З аднаго боку, яно і зразумела – час не стаіць на месцы, мяняюцца прыярытэты і арыенціры. Аднак для тых, хто ведае аб тагачасным жыцці не з кніг і фільмаў, а з уласнага вопыту, камсамольскае жыццё застанецца ў памяці назаўсёды – як цэлая эпоха, якая на самай справе выхоўвала — і несла ў сабе вельмі шмат добрага і карыснага.

На ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 95-годдзю Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі і 50-годдзю студатрадаўскага руху, якое прайшло нядаўна ў Кобрынскім каледжы будаўнікоў, настрой панаваў сапраўды камсамольскі – у лепшым сэнсе гэтага слова. Паспрыяла і цікавая праграма. Прысутным быў прапанаваны сапраўдны экскурс у гісторыю камсамольскага руху. Але, як вядома, жывыя ўспаміны лепш за любую кнігу – у гэты дзень пагутарыць з моладдзю прыйшлі тыя, хто ў свой час аддаў камсамольскай рабоце значную частку жыцця. Гасцямі сустрэчы сталі Валянцін Страчук (у мінулым – загадчык арганізацыйнага аддзела гаркама камсамола) і Аляксандр Ліцвіновіч (у свой час — сакратар камсамольскай арганізацыі Кобрынскага інструментальнага завода (сёння – ААТ “КІЗ “СІТОМА”).
— На мой погляд, арганізуючая сіла моладзі патрэбна ў любы час, — разважае Аляксандр Ліцвіновіч. – І не так ужо важна, як усё гэта будзе называцца – камсамолам ці неяк інакш. Важна, што моладзь – гэта перш за ўсё велізарная жыццёвая энергія. І калі гэтую энергію не скіраваць у належнае рэчышча – яна знойдзе сабе нейкае выйсце сама. І зусім не факт, што выйсце гэтае будзе добрым.
Госці падзяліліся ўспамінамі аб сваім камсамольскім жыцці, адказалі на цэлы шэраг пытанняў і атрымалі памятныя падарункі. Іх уручылі прадстаўнікі маладога пакалення — лепшыя традыцыі камсамольскага руху пераняў Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі. Аб тым, якім бачыцца камсамольскі лад жыцця ў праекцыі на сучасныя рэаліі, нам расказала першы сакратар РК ГА “БРСМ” Людміла Чырун.
— Тыя даты, якія мы сёння адзначаем, безумоўна, займаюць вельмі важнае месца ў летапісе нашага аб’яднання – таму што ГА “БРСМ” на самай справе вырасла з камсамола, увабраўшы многія яго пазітыўныя рысы. Хочацца ў гэты дзень пажадаць усім перш за ўсё аптымізму, творчага пад’ёму і добрага настрою. Таму што будаваць будучыню нашай дзяржавы давядзецца менавіта маладым – і менавіта ад іх залежыць, як мы будзем жыць заўтра.
Яшчэ адной добрай камсамольскай традыцыяй, якая сёння актыўна адраджаецца ў нашай краіне, з’яўляюцца студэнцкія будаўнічыя атрады. Дарэчы, усяго ў студэнцкіх атрадах у гэтым годзе ў нас адпрацавалі 160 чалавек, і 150 чалавек у гэтым працоўным сяместры былі працаўладкаваны індывідуальна. У гэты дзень узнагароды і падарункі атрымалі “пярвічкі” Кобрынскага мастацкага каледжа, ліцэя сферы абслугоўвання і Кобрынскага каледжа будаўнікоў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё студатрадаўскага руху і ў арганізацыю летняй працоўнай занятасці навучэнцаў. Не былі забыты і ўдзельнікі акцыі “Маладосць. Традыцыі. Будучыня”, сродкі ад якой ідуць на рэканструкцыю многіх аб’ектаў нашай краіны, – самым актыўным з іх ва ўрачыстай атмасферы былі ўручаны граматы РК ГА “БРСМ”.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Карьерный песок.