Кобринщина встречает День матери

Бываюць такія дні, калі раптам зашчыміць сэрца, здаецца, без дай прычыны. Што такое? – падумаеш. І ўспомніш: колькі ж дзён не бачыліся з матуляй! А яна помніць, яна чакае, яна штодзённа думае аб сваіх сынах і дочках. І ейнае сэрца, кожная яго частачка трымціць нашмат болей, баліць, перажывае. Перажывае за ўсіх нас, блізкіх і далёкіх, дарослых і зусім маленькіх.

І гэта вельмі добра, што ёсць такое свята, як Дзень маці. Дзень, калі мы не толькі ўспамінаем сваіх матуль, а стараемся абняць іх, прыціснуць да сябе, сказаць, як моцна мы іх любім і наколькі яны нам дарагія.

Усё гэта зноў так хораша загучала ў душы 14 кастрычніка, калі ў Палацы культуры ўшаноўвалі шматдзетных маці, якіх дзяржава адзначыла ордэнам Маці. Адна за адной узнімаліся на сцэну Святлана Карпук, Ала Магдысюк, Галіна Хробак, Алена Ярмалюк, Людміла Дударук, Наталля Баран, Наталля Чопік, і на вуснах кожнай жанчыны свяцілася прыемная ўсмешка. Усмешка радасці і шчасця, удзячнасці і напоўненасці жыццём, любві да Радзімы і, вядома, сваіх дзяцей.

Шчыра павіншаваўшы жанчын з такой памятнай падзеяй у іх жыцці і ад імя дзяржавы ўручыўшы ім узнагароды, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык з задавальненнем адзначыў, што сёння ў нашым раёне такіх жанчын ужо каля дзевяноста.

Таксама былі адзначаны мамы з Кобрынскай дзіцячай   вёскі, працоўны стаж якіх тут ужо перасягнуў за 10 гадоў і якія выхавалі болей за дванаццаць дзяцей за гэты час. Гэта Вольга Дзяркач, Ірына Свірыд, Алена Манькоўская, Наталля Чакала, Ганна Семянюк, Наталля Максімук і Інга Нарваткіна.

— Ведаеце, гэта проста жыццё, — выказала свае пачуцці пасля ўрачыстай хвіліны адна з узнагароджаных ордэнам Маці Алена Ярмалюк. – Жыццё, у якім зусім не адчуваю сябе гераіняй. Штодзённа мы з мужам імкнемся, каб нашы дзеці былі такім ж шчаслівымі, як і многія іншыя. Ці ўдаецца гэта? Спадзяюся, удаецца. Адчуванне, што цябе абдымаюць шчаслівыя дзіцячыя рукі, — яно не можа быць падманным.

Акрамя прыемных урачыстых хвілін ушанавання шматдзетных маці, вечарына ў Палацы культуры была напоўнена канцэртнымі нумарамі і выступленнямі разнастайных калектываў і выканаўцаў.

Фота і тэкст Ігара СІДАРУКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *