В Кобрине прошло областное торжественное заседание, посвящённое Дню работников культуры

Святы, канцэрты, масавыя мерапрыемствы… Для нас усё гэта – цудоўны адпачынак, мора асалоды, велізарная колькасць пазітыўных эмоцый – і, безумоўна,  самаўдасканаленне, да якога мы  прыходзім праз творчасць  і прыгажосць. Але мала хто задумваецца, чаму тое, што адбываецца на сцэне, заўсёды выглядае такім лёгкім і прыгожым, і якіх намаганняў і цяжкай штодзённай працы каштуюць кожны рух і кожнае слова… Менавіта тых, хто звычайна знаходзіцца па іншы бок сцэны, сабрала абласное ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае Дню работнікаў культуры, якое прайшло нядаўна ў нашым горадзе.

—  Наша культурная спадчына – гэта тое, што засталося нам ад нашых продкаў, і тое, што павінны атрымаць нашы дзеці, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Цыральчук. – Менавіта таму пераацаніць ролю работнікаў культуры на самой справе немагчыма. І сёння дасягненні работнікаў культурнай сферы Брэсцкай вобласці вядомыя не толькі ў рэгіёне, але і па ўсёй рэспубліцы і нават за яе  межамі.  Што ж датычыцца месца правядзення сённяшняга мерапрыемства, то Кобрын, па-першае,  мае вялікую колькасць самых разнастайных аб’ектаў, а па-другое, гэта горад з вельмі багатай гісторыяй, у якой адлюстравалася практычна ўся гісторыя развіцця нашай дзяржавы.

Пачалася праграма гэтага святочнага дня з пазнавальнай часткі – госці з усіх куткоў Брэсцкай вобласці зрабілі невялікую, але вельмі насычаную экскурсію па аб’ектах Кобрыншчыны. Удзельнікі ўрачыстага пасяджэння агледзелі экспазіцыю Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава, пазнаёміліся з паслугамі, якія прадастаўляе аквапарк, прайшліся па парку імя А.В. Суворава і наведалі Кобрынскую  дзіцячую школу мастацтваў. Асноўная ж частка праграмы дня разгарнулася ў Палацы культуры, дзе панавала атмасфера сапраўднага свята. Адразу ў фае гасцей сустракала аўтэнтычная карчма з вясёлымі музыкамі, яскравым гумарам і, зразумела, апетытнымі прысмакамі.

Неўзабаве надышла чарга і самага ўрачыстага моманту – уручэння ўзнагарод. Ганаровыя граматы, кветкі і падарункі ўручылі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Цыральчук, старшыня абласной арганізацыі прафсаюзаў работнікаў культуры Галіна Крынец і намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. Асобнай увагі і пашаны былі ўдастоены ветэраны культурнай сферы — тыя, хто прысвяціў гэтай няпростай, але такой патрэбнай рабоце ўсё жыццё.

Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, без удзелу работнікаў культуры сёння немагчыма нават уявіць сабе ні свята, ні масавае мерапрыемства, ні эстэтычнае выхаванне ўвогуле. І этнограф, і музыкант, і супрацоўнік музея – якія б розныя функцыі яны не выконвалі, па сутнасці займаюцца адной справай — удасканальваюць наша ўспрыманне рэчаіснасці, гісторыі, творчасці…

І сапраўды, менавіта дзякуючы ім мы вучымся цаніць прыгажосць і захоўваем традыцыі нашых продкаў. Менавіта яны ўводзяць у чароўны свет мастацтва нашых дзяцей – і дораць нам хвіліны духоўнай асалоды самага высокага парадку, менавіта яны дзеляцца з намі радасцю і цеплынёй свайго сэрца.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *