Проблематика коррупции в Кобринском районе не теряет актуальности.

Карупцыя ў любой краіне свету з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай для эканамічнага развіцця дзяржавы. Яна адмоўна ўплывае на грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне, падрывае давер народа да ўлады. Аб тым, як эфектыўна супрацьстаяць гэтай негатыўнай з’яве, не дапусціць стварэння спрыяльных умоў для яе ўзнікнення, ішла прадметная, канструктыўная размова ў мінулую сераду на планавай каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у Кобрынскім раёне.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, старшы пракурор упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Ігар Сіняк, намеснік пракурора Брэсцкай вобласці Віктар Савіч, кіраўнікі і прадстаўнікі сельвыканкамаў, дзяржаўных прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.


Як адзначыў у сваім дакладзе Аляксандр Петрасюк, у 2012 годзе на Кобрыншчыне было зарэгістравана шэсць карупцыйных злачынстваў. Сёлета па стане на 1 жніўня выкрыты чатыры такія факты (за адпаведны перыяд летась – тры). У поле зроку праваахоўных органаў трапілі службовыя асобы СВК “Батчы”, прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Кобрынскім раёне, Кобрынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для пажылых і інвалідаў (2), якія сваімі дзеяннямі парушылі закон.
Сёлета пракуратурай праводзіліся комплексныя праверкі выканання заканадаўства ў органах выканаўчай улады, установах усіх форм уласнасці, сельгаскааператывах. У выніку за сем месяцаў бягучага года ў адносінах да кіраўнікоў і адказных асоб былі вынесены два прадстаўленні, столькі ж прадпісанняў і афіцыйных папярэджанняў. Таксама было зафіксавана шэсць фактаў парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства. Чатыры чалавекі прыцягнуты да дысцыплінарнай і адзін – да матэрыяльнай адказнасці.
Адпаведныя камісіі па супрацьдзеянні карупцыі створаны і дзейнічаюць як на прадпрыемствах і ў арганізацыях з дзяржаўнай доляй уласнасці, так і ў структурных падраздзяленнях райвыканкама. У асобных выпадках пры правядзенні пракурорскай праверкі сярод адказных за выкананне заканадаўства па супрацьдзеянні карупцыі асоб назіраўся фармальны падыход да выканання ўскладзеных на іх абавязкаў.
Як падкрэсліў намеснік пракурора Брэсцкай вобласці Віктар Савіч, у цэлым сітуацыя з карупцыяй у Кобрынскім раёне не носіць пагражальны характар. Тым не менш агучаныя лічбы і факты вымушаюць дзейнічаць адпаведныя структуры больш рашуча, зладжана і ў наступальным ключы.
У ходзе нарады выпрацаваны мерапрыемствы па супрацьдзеянні карупцыйным праяўленням у раёне.
Усе пытанні, якія былі агучаны на пасяджэнні, узяты на кантроль пракуратурай Кобрынскага раёна.
Раман МЕЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *