І з дзяцінства знаёмыя мясціны

    Напрыканцы мінулага года каля кінатэатра “Радуга” адкрылася кафэ “Стары Кобрын” фірмы “АртЯн і Компані”, уладальнікам якога з’яўляецца сям’я Клімайціс. Сёлета яна — пераможца раённага конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2008 года” ў намінацыі “Арганізацыя грамадскага харчавання”.
    Як высветлілася ў размове з дырэктарам Жанай Пятроўнай, назва фірмы падбіралася асобым чынам. Яна складаецца з літар імёнаў двух яе сыноў — Артура і Яніса. Дарэчы, нашчадкі з’яўляюцца добрымі памочнікамі. Артур — студэнт Гомельскага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта і працуе ў кафэ бармэнам. Яніс — навучэнец Кобрынскга ліцэя сферы аслугоўвання, атрымлівае прафесію повара. У час летніх канікулаў з вялікім задавальненнем два браты разам з бацькам Віктарам займаліся добраўпарадкаваннем кафэ і тэрыторыі, якая да яго прылягае.
    Канцэпцыя “Старога Кобрына” цікавая і незвычайная. Стыль будынка нагадвае старажытны млын з вялікімі крыламі, якія будуць круціцца. Побач квітнеюць кампазіцыі з рознакаляровых кветак і раслін.
    Унутраны інтэр’ер таксама ўражвае. Утульнае памяшканне ў галоўнай зале выканана пад даўніну. У маленькіх ліхтарыках, выявах старажытных мясцін на сценах, рознага кшталту ўпрыгожваннях памяшкання і нават у адзенні бармэнаў і афіцыянтаў беспамылкова можна ўгадаць беларускі нацыянальны аўтэнтычны стыль. Банкетная зала разлічана на 40 пасадачных месцаў. Яна — асобы прадмет гонару сям’і Клімайціс. На сценах размешчаны гіганцкія фоташпалеры з выявамі краявідаў парку імя А. В. Суворава.
    — Нашы госці прыемна здзіўляюцца, калі пазнаюць з дзяцінства знаёмыя мясціны, — гаворцыць Жана Пятроўна. – Атмасфера адразу ж становіцца ўтульнай і амаль што хатняй. Нагадаю, што мы не звярталіся за дапамогай да дызайнераў, а прыдумалі ўсё самі.
    Сапраўды, адпачываць у “Старым Кобрыне” прыемна. Па-першае, сям’я Клімайціс імкнецца вытрымліваць такія важныя суадносіны, як цана — якасць. Па-другое, меню падбіраецца такім чынам, каб задаволіць усе патрэбы кліента. Акцэнт зроблены на нацыянальную беларускую кухню.
    У недалёкай будучыні плануецца наладзіць сістэму гарачых абедаў па прымальных для наведвальнікаў цэнах. У цёплы час года жадаючыя могуць адпачыць у летняй зале на 100 месцаў, якая размяшчаецца пад павеццю на вуліцы. А абслугоўваюць кліентаў у “Старым Кобрыне” прафесійна і ветліва. Як можна здагадацца, кліентаў хапае.
    Жана Клімайціс шчыра ўдзячна за падтрымку мясцовым уладам і сябрам. А яшчэ яна ўпэўнена ў тым, што галоўны сакрэт поспеху ў прыватным бізнэсе — моцная сям’я, дзе пануюць атмасфера ўзаемападтрымкі, павагі і кахання.

    Раман МЕЛЬНІК.
    Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *