В кобринском кинотеатре «Радуга» начались показы кино в формате 3D.

Як паказала жыццё, чараўніцтва кіно па-ранейшаму прываблівае кабрынчан і гасцей горада. Аб тым, якім чынам на сучасным этапе ўдаецца папаўняць колькасць пастаянных гледачоў, — расказвае дырэктар раённай кінавідэасеткі Жана Другак.


— Сапраўды, сёлета зала кінатэатра “Радуга” не пустуе. На асобныя кінасеансы мы ўпершыню за апошнія тры гады рэалізоўвалі па сто білетаў і нават болей. Вядома, што такі вынік не выпадковы. Было прынята рашэнне прасоўваць кінапаслугі, у тым ліку і ў інтэрнэце. Быў створаны афіцыйны сайт кінатэатра www.kinokobrin.by, на якім можна даведацца аб апошніх навінках кінаіндустрыі, актуальных сеансах і інш. Таксама працуе адпаведная група ў сацыяльнай сетцы “vkontakte”, дзе ажыццяўляем інфармацыйна-тлумачальную работу з кабрынчанамі. У рэжыме рэальнага часу можна задаць пытанні і аператыўна атрымаць кампетэнтныя адказы “з першых вуснаў”. Менавіта такі метад работы з кліентамі дазволіў нам больш дэталёва вывучыць іх патрэбнасці і належным чынам скарэкціраваць кінарэпертуар.
— Жана Паўлаўна, вось мы адкрылі гэтую старонку ў інтэрнэце і бачым галоўнае “балючае” пытанне: “Чаму ў нашым кінатэатры адсутнічаюць прэм’ерныя паказы?”
— На жаль, гэта так. Але, важна разумець, што арганізаваць прэм’ерны паказ у нашым горадзе можна толькі пры наяўнасці лічбавага абсталявання, якое дазваляе сінхронна ў вызначаны дзень і час рэтрансліраваць навінку па кінасетцы з Мінска. А гэта каштуе вялікіх грошай. І менавіта пагэтаму фільмы, ужо запісаныя на дыскі, даходзяць да кабрынчан з пэўным спазненнем.


— А якія фільмы карыстаюцца найбольшай папулярнасцю?
— У большасці выпадкаў — фантастычныя стужкі і модны, асабліва сярод маладога пакалення, арт-хаус (з англійскай мовы — “дом мастацтваў” – Р.М.). У апошнім жанры працуюць многія класікі сусветнага кінематографа. Гэта кіно, якое вымушае гледача ўсур’ёз задумацца над той ці іншай сацыяльнай праблемай ці няпростымі адносінамі паміж людзьмі. Па-ранейшаму актуальнымі з’яўляюцца айчынныя творы вытворчасці кінастудыі “Беларусьфільм” – “Брэсцкая крэпасць”, ваенныя драмы “У тумане” (фільм, дарэчы, дэманстраваўся з поспехам у ЗША), “Шчыт Айчыны” і інш. Улетку маленькія кабрынчане ўбачылі на экране першы айчынны паўнаметражны мультыплікацыйны фільм “Прыгоды Несцеркі” на роднай мове. З аншлагамі гэты паказ адбыўся і ва ўсіх летніх лагерах Кобрыншчыны. Таксама ў час канікулаў мы ўпершыню рэалізавалі праект “Мегапятніца”, які праводзіўся раз у тыдзень. Пачынаўся ён раніцай з відэадыскатэкі для дзяцей дашкольнага ўзросту, у час якой на вялікім экране трансліраваліся кліпы. Дзень быў насычаны кінасеансамі, а ўвечары запрашалі падлеткаў на тэматычныя дыскатэкі.
З 26 жніўня ў кінатэатры “Радуга” распачаліся паказы кіно ў фармаце 3D. У час такіх сеансаў гледачам выдаюцца спецыяльныя акуляры, якія дазваляюць аб’ёмна ўспрымаць відэарад на экране.
Стартаваў новы навучальны год. Хочацца нагадаць школьнікам і педагогам аб наяўнасці ў нашых фондах багатай калекцыі тэматычных ролікаў і фільмаў, якая рэгулярна папаўняецца.

Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: Жана Другак  і метадыст раённай кінавідэасеткі Марына Рагашчук

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

кредит под залог ценных бумаг