Кобрин посетили участники международного автопробега из Беларуси, России, Казахстана, Кыргызстана и Украины.

З 26 жніўня па 6 верасня члены міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі ветэранаў аператыўных службаў “Гонар” з Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Украіны прынялі ўдзел у трэцім па ліку аўтамабільным прабегу, які стартаваў у Маскве. Гэта мерапрыемства праводзіцца пад патранатам МУС Расійскай Федэрацыі, прысвечана 95-годдзю стварэння структуры крымінальнага вышуку.


У мінулую сераду ветэраны спыніліся ў Кобрыне. Сардэчна віталі інтэрнацыянальную дэлегацыю на кобрынскай зямлі намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Кавалевіч, начальнік РАУС Максім Субота, члены мясцовага ветэранскага руху органаў унутраных спраў, якія шмат гадоў верай і праўдай служылі ў аддзеле крымінальнага вышуку.
Як адзначыў у інтэрв’ю журналістам старшыня міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі ветэранаў аператыўных службаў “Гонар” Аляксей Даркоў, галоўная місія аўтапрабегу — наладжванне надзейных партнёрскіх узаемаадносін паміж прадстаўнікамі ветэранскага руху Міністэрстваў унутраных спраў краін СНД, азнаямленне з перадавымі формамі і метадамі работы праваахоўных органаў, перадача багатага прафесійнага і жыццёвага вопыту маладому пакаленню, якое цяпер знаходзіцца на варце правоў і законных інтарэсаў дзяржавы і грамадства. Словы вялікай удзячнасці за сардэчны прыём выказаў ветэран службы крымінальнага вышуку г. Бішкек (Кыргызстан) палкоўнік у адстаўцы Джолдашбек Чаркчыеў.


А працягвалася цёплая, сяброўская сустрэча ў будынку райаддзела ўнутраных спраў. Госці пераканаліся, што ў Кобрынскім РАУС захаваліся і годна працягваюцца традыцыі сувязі двух пакаленняў. Як адзначыў лідар ветэранскага руху мясцовых праваахоўнікаў Мікалай Карніевіч, ветэраны крымінальнага вышуку, якія зараз на заслужаным адпачынку, заўсёды знаходзяцца ў кантакце з райаддзелам. Мэта такіх зносін – сумеснымі намаганнямі супрацьстаяць злачыннасці.
Ва ўрачыстай абстаноўцы госці ўручылі кобрынскім ветэранам крымінальнага вышуку юбілейныя медалі ад грамадскага аб’яднання ”Гонар”. Святочны настрой прысутным дапамагла стварыць выкладчык Маскоўскага ўніверсітэта МУС Расіі, маёр паліцыі Вольга Цімафеева, якая выканала аўтарскія песні пад гітару, прысвечаныя Беларусі. Таксама каардынатар аўтапрабегу па тэрыторыі Беларусі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы мінчанін Ігар Усачоў прэзентаваў ад усіх гасцей памятны падарунак кабрынчанам – фарфоравы бюст А.В. Суворава, які зойме годнае месца ў экспазіцыі нашага ваенна-гістарычнага музея. А завяршылася сустрэча ўскладаннем кветак да абеліска ў гонар супрацоўнікаў РАУС, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКАХ: удзельнікі аўтапрабегу прыехалі ў Кобрын;  ветэран крымінальнага вышуку РАУС і Брэсцкага УУС Іван Паляціла і Аляксей Даркоў .
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *