Более ста молодых талантов из Беларуси и Украины стали участниками очередного фестиваля молодёжных инициатив «Свободное движение» в Кобрине.

Больш за сто маладых талентаў з розных куткоў Беларусі, а таксама з Севастопаля (Украіна) прынялі ўдзел у чацвёртым фестывалі маладзёжных ініцыятыў “Вольны рух”. Галоўныя арганізатары мерапрыемства – РК ГА “БРСМ” і агенцтва “Вялікае свята” — прынялі рашэнне правесці ўсе этапы фэсту пад адкрытым небам на пляцоўцы каля аквапарку. Жнівеньскае надвор’е парадавала пяшчотным сонейкам, навокал панавала святочная атмасфера, гучалі рытмічныя мелодыі, працавалі гандлёвыя прадпрыемствы. У розных намінацыях разгарнулася гарачая барацьба за лідарства. Ацэньвала выступленні ўдзельнікаў фэсту кампетэнтнае журы з ліку пераможцаў мінулагодняга фестывалю “Вольны рух”.


На сцэне спаборнічалі разнапланавыя музычныя выканаўцы, чытальнікі рэпу, біт-боксеры (мастацтва стварэння і імітацыі рытмічных малюнкаў – Р.М.), танцоры сучасных танцаў (брэйк-данс і інш). На асфальтаванай пляцоўцы відовішчныя трукі дэманстравалі ролеры і скейтары. Пад гучныя апладысменты гледачоў яны скакалі з высокіх трамплінаў і, здавалася, дакраналіся рукамі да аблокаў. Удзельнікі выконвалі складаныя акрабатычныя нумары пад музыку, пакаралі штучныя перашкоды. Разам са сваёй групай падтрымкі выступіла фіналістка сёлетняга рэспубліканскага адборачнага тура на дзіцячы міжнародны конкурс “Еўрабачанне” брэстчанка Ангеліна Піпер з Брэста.


Горача падтрымліваў кабрынчан у час фестывалю дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля. Ён адзначыў, што ў мясцовым маладзёжным асяроддзі з кожным месяцам набірае папулярнасць актыўны адпачынак. А гэта — годная альтэрнатыва шкодным звычкам, гіпадынаміі і гульняманіі. Прыемна, падкрэсліў дэпутат, што фестываль “Вольны рух” пашырае сваю геаграфію і ўжо набыў статус міжнароднага.
Да спадобы мерапрыемства і гасцінны прыём прыйшліся прадстаўнікам севастопальскай каманды брэйк-дансераў на чале з Аляксандрам Сапрыкіным.
Журы фестывалю вызначыла пераможцаў і прызёраў. У намінацыі “Лепшы рэп-выканаўца” другое месца заваяваў кабрынчанін Ілья Мальчук. Лепшым біт-боксерам стаў Ігар Бойка з в. Хідры. Ролер Станіслаў Шостак з Кобрына заняў другое месца ў намінацыі “Стар цінэйджар”. А сярод скейтараў у гэтай жа намінацыі першае месца падзялілі нашы землякі Антон Заляшчук і Мікіта Зялёнкін.
У намінацыі “Лепшы вакаліст” перамагла Кацярына Кацёлка з Кобрына. Другое і трэцяе месцы занялі Юлія Луніна і Марыя Крачка з вёскі Залессе.
Пераможцы і прызёры ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі ад РК ГА “БРСМ” і агенцтва “Вялікае свята”. Як паведаміла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Людміла Чырун, лепшыя кобрынскія ўдзельнікі фэсту ў складзе брэсцкай дэлегацыі юных талентаў атрымаюць магчымасць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці на Дні моладзі, які праводзіцца ў межах міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *