Кобринский РОЧС активно включился в реализацию республиканской акции «В центре внимания — дети».

У цэнтры ўвагі – дзеці. Менавіта такую назву мае буйнамаштабная акцыя, якая пад эгідай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь праводзіцца у навучальных установах краіны. Яе мэта – прыцягнуць увагу грамадства да праблематыкі траўматызму і смяротнасці дзяцей на пажарах, калі яны застаюцца без належнага нагляду бацькоў. У мінулую сераду на чарговы ўрок бяспекі ў СШ №2 для пачатковых класаў быў запрошаны старшы інспектар групы прапаганды і навучання Кобрынскага РАНС Андрэй Абрамчук, які правёў тэматычную лекцыю-гутарку з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Ён на прыкладах праілюстраваў прысутным, наколькі небяспечнай можа быць вогненная стыхія. Так, за 8 месяцаў 2013 у раёне зарэгістравана 59 пажараў, у якіх загінулі два чалавекі. Дзіцячае свавольства стала прычынай трох пажараў. Загарэліся малочнатаварная ферма СВК “Дружба народаў”, хлеў у в. Тэўлі і гаспадарчая пабудова ў в. Чаравацічы. Ва ўсіх выпадках дзеці заставаліся без нагляду бацькоў.
Галоўная задача дарослых у сям’і і педагогаў у навучальных установах — удумліва і сістэмна праводзіць тлумачальную работу з непаўналетнімі, уважліва сачыць за іх паводзінамі. Толькі такім чынам можна прадухіліць магчымую трагедыю.
З задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у тэматычнай віктарыне. Таксама кожны з іх меў магчымасць задаць пытанне прадстаўніку РАНС і атрымаць кампетэнтны адказ. А пасля заканчэння ўрока бяспекі Андрэй Абрамчук уручыў вучням друкаваныя буклеты, якія распавядаюць аб элементарных правілах бяспекі пры ўзнікненні пажару. Акцыя МНС “У цэнтры ўвагі – дзеці” працягнецца да канца верасня.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: Андрэй Абрамчук уручае навучэнцам СШ №2 тэматычныя буклеты.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *