Як прывабіць кліента

    Фінансава-гаспадарчыя справы райпо на сучасным этапе пакідаюць жадаць лепшага. У цэлым па раёне за першае паўгоддзе бягучага года прыбытак гэтай даволі буйной арганізацыі сціплы – усяго 91 млн. рублёў. Больш падрабязней аб комплексных мерах вырашэння сітуацыі расказвае старшыня праўлення Людміла ВАЕЎЧЫК.

    -Многія кабрынчане з’яўляюцца відавочцамі змяненняў, якія адбываюцца на аб’ектах райпо — вялікім і малым рынках горада. Рэканструкцыя, якая праводзіцца, мае на ўвазе толькі больш эстэтычны знешні выгляд ці адначасова павінны змяніцца ў лепшы бок і ўмовы вядзення гандлю?

    — З нагоды правядзення рэспубліканскіх “Дажынак” праводзяцца рэканструкцыя і рамонт шэрагу нашых аб’ектаў як у горадзе, так і на сяле. Праведзена замена ўсяго даху, рэканструяваны тэнтаваныя гандлёвыя месцы. Таксама добраўпарадкоўваем і прыводзім у адпаведны санітарны стан мясны павільён, рамантуюцца адміністрацыйныя памяшканні, ветлабараторыя. Вывучаецца магчымасць уладкавання аўтастаянкі. Аператыўна і якасна праводзяць будаўнічыя работы спецыялісты з Камянецкай СПМК-19 і ПУП “Брэсткаапбуд”.
    Вядуцца рэканструцыйныя работы і на малым рынку. Тут пачне працаваць больш зручны вялікі гандлёвы павільён летняга тыпу, кропка грамадскага харчавання “Блінная” на 12 пасадачных месцаў, новыя гандлёвыя рады і два ралетных фірменных ларка для продажу прадукцыі мясцовых масласырзавода і мясакамбіната.

    — Людміла Рыгораўна, якім чынам вы мяркуеце павялічыць кліентуру?

    — Ужо зусім хутка новы знешні выгляд будзе ў магазіна “Планета”, што знаходзіцца недалёка ад в. Вялікія Лепясы. Цяпер ён працуе ў кругласутачным рэжыме. У памяшканні будуць зроблены пэўныя перастаноўкі, устаноўлена новае гандлёвае і халадзільнае абсталяванне. Да магазіна будуць падведзяны новыя камунікацыі цэнтральнага водаправода і каналізацыі. Адбудзецца абнаўленне фасадаў, правядзем работы па добраўпарадкаванню тэрыторыі. Таксама рамонты ўжо праводзяцца ў гандлёвых аб’ектах па вул. Пушкіна (магазін “Белая Русь”), дзе дадаткова адкрыецца аддзел кулінарыі, вул. Кастрычніцкай (былы магазін “Кнігі”), у якім запланавана наладзіць гандаль таварамі для дзяцей, адкрыецца новы аб’ект па вул. Матросава, 5. Тут мяркуем прапанаваць наведвальнікам нехарчовыя віды тавараў. Адзначу, што зусім новы імідж набудзе кропка грамадскага харчаваня (былая сталовая №1), што знаходзіцца па вул. Інтэрнацыянальнай. У недалёкай будучыні тут адкрыецца кафэ, аформленае ў беларускім нацыянальным стылі і з адпаведным меню і дэмакратычнай цэнавай палітыкай, каб прадаставіць кліентам хуткія і смачныя комплексныя абеды. Якасна і ў тэрмін выконваюць запланаваныя работы па рэканструкцыі гэтага аб’екта будаўнікі ПУП “Івацевічыкаапбуд.
    Неабходна змяніць канцэпцыю ў вядзенні гандлю аб’ектаў прыдарожнга сэрвісу. І пачнем з бара “Каменная кветка” (в. Камень). Ужо ўстаноўлена новае халадзільнае і гандлёвае абсталяванне, будзе зроблена перапланіроўка. Побач узводзіцца будынкак, у якім размесціцца невялікая банкетная зала, кухня і дадатковыя памяшканні для наведвальнікаў на 30 пасадачных месцаў. Важна заваяваць давер і аўтарытэт кліентаў.

    Гутарыў Раман МЕЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *