Своечасовая дапамога

    У чацвер да хлебаробаў СВК “Кутузаўскі” прыйшла своечасовая дапамога. Сюды прыбыў працоўны дэсант работнікаў Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. 54 служачыя, кіраўнікі аддзелаў – мужчыны – узялі ў рукі косы, вілы і прыступілі да ўборкі аўса ў нізіне, дзе не можа прайсці тэхніка. Скошаную збажыну фурманкамі вывозілі на ўзвышанае месца і раскладвалі ў валкі для падсыхання. Потым гэта маса будзе падабрана і абмалочана збожжаўборачным камбайнам. Гаспадарка забяспечыла сваіх памочнікаў неабходным інвентаром, гужавым транспартам.
    — Сёлета ў нас вырас добры ўраджай, — гаворыць старшыня СВК “Кутузаўскі” Анатолій Камарчук. — З гектара намалочваем больш за 41 цэнтнер збожжа. Дарэчы, рэльеф палёў у нас няроўны. Нярэдка сустракаюцца вось такія нізінкі, як гэта. Імі занята каля 15 гектараў. У сухія гады тут праблем з уборкай не ўзнікае. А сёлета – самі бачыце. Зразумела, што дапамога для нас вельмі своечасовая. Сваіх рук на ўборцы не хапае. Прыемна бачыць, што служачыя аблвыканкама добра ўмеюць не толькі кіраваць, але і спрытна ўпраўляцца з касой і віламі. Шчыры дзякуй ім за дапамогу.
    — Добраахватнае жаданне дапамагчы хлебаробам управіцца з уборкай на паніжаных месцах, дзе не праходзіць тэхніка, выказалі многія работнікі аблвыканкама, усіх жадаючых ледзьве ўмясціў аўтобус, — расказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык. – Хоць у вытворчым кааператыве на нізінных участках на ўборцы выкарыстоўваюць ротарныя касілкі, прымяняюць раздзельную ўборку, але, як бачна, і наша дапамога не лішняя.

    Аляксей САЦУК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *