І прафесіяналам трэба вучыцца

    У мінулы чацвер на базе раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ праводзіўся конкурс прафесійнага майстэрства, у якім прымалі ўдзел вадзіцелі Кобрынскага ўпраўлення магістральных газапровадаў ААТ “Белтрансгаз”, а таксама ўладальнікі індывідуальных аўтамабіляў.
    На першым этапе канкурсантам было неабходна здаць экзамены па ведах правілаў дарожнага руху, будове аўтамабіля. Адзначым, што пытанні, якія былі падрыхтаваны, браліся, як кажуць, з рэальных жыццёвых сітуацый, каб дакладна высветліць узровень тэарэтычнай падрыхтаванасці вадзіцеляў. У дарозе можа здарыцца самае непрадбачнае. Усяго за некалькі імгненняў трэба ўмець прааналізаваць становічша на дарозе і з улікам усіх абставін прыняць адзінае правільнае рашэнне.
    Як адзначыў у інтэрв’ю журналістам старшыня РАС ДТСААФ Уладзімір Шпендзік, абароннае таварыства і дзяржаўтаінспекцыя зацікаўлены ў тым, каб грамадзяне, якія атрымалі вадзіцельскае пасведчанне, рэгулярна павышалі культуру паводзін на дарозе і імкнуліся прадухіліць дарожна-транспартныя здарэнні, якія сёння, на жаль, адбываюцца нярэдка.
    Адзін з важных напрамкаў дзейнасці ДТСААФ — умацаванне ўласнай матэрыяльна-тэхнічнай базы. На сёняшні дзень функцыяніруюць навучальныя класы, якія абсталяваны не толькі добрай нагляднай дакументацыяй, але і аргтэхнікай. У бліжэйшы час абароннае таварыства набудзе яшчэ 20 персанальных камп’ютараў, аснашчаных ліцэнзійным праграмным забеспячэннем, у тым ліку і для здачы экзаменаў па правілах дарожнага руху. За кошт спонсарскай дапамогі і асабістых сродкаў абароннага таварыства адноўлены аўтадром у завулку Астраўлянскі, дзе ўладкаваны ў адпаведнасці з прынятымі стандартамі ўсе неабходныя элементы для практычнага трэнінгу як курсантаў-навічкоў, так і вадзіцеляў-прафесіяналаў.
    ДТСААФ праводзіць значную работу па стварэнню на базе прадпрыемстваў Кобрыншчыны пярвічных арганізацый, якія павінны аказваць усебаковую падрымку прафесійным вадзіцелям. Ёсць “пярвічка” ДТСААФ і ў Кобрынскім УМГ ААТ “Белтрансгаз”, адміністрацыя якога надае пільную ўвагу павышэнню кваліфікацыі вадзіцельскага саставу.
    Працягваліся спаборніцтвы прафесійнага майстэрства на аўтадроме. За адведзены час канкурсантам было неабходна здаць нарматывы па фігурнаму кіраванню аўтамабілям – пераадолець перашкоду “Змейка”, паставіць машыну ў дыяганальную паркоўку, на эстакаду, у гараж. Многія вадзіцелі паспяхова справіліся з пастаўленымі задачамі. Пераможцы і прызёры за свае намаганні на ўрачыстым сходзе з нагоды прафесійнага свята – Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці — былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі і граматамі УМГ ААТ “Белтрансгаз” і РАС ДТСААФ.
    Раман МЕЛЬНІК.
    НА ЗДЫМКУ аўтара: у час выпрабаванняў на аўтадроме.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *