На Кобринщине впервые открылся летний лагерь на базе сельхозпредприятия.

Адпачынак на ўлонні прыроды, палаткі, песні пад гітару – хаця і вельмі прыемныя, але ўсё ж такі даволі звычныя моманты жыцця ў летнім лагеры. І сапраўды, што ж яшчэ можна там рабіць, акрамя таго, што адпачываць? Аказваецца, у летнім лагеры можна яшчэ і працаваць, і зарабляць грошы – і нават атрымаць сваю першую ў жыцці працоўную кніжку. Гаворка ідзе пра лагер, які быў створаны сумеснымі намаганнямі Кіселявецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы і ААТ “Кісялёўцы”. Гэта першы прыклад працоўнага лагера на базе сельскагаспадарчага прадпрыемства, які быў арганізаваны на Кобрыншчыне.


— Усяго ў нашым лагеры працавалі і адпачывалі 25 чалавек ад 14 да 17 гадоў, — расказвае дырэктар школы Ірына Зінкевіч. – Лагер кругласутачны, дзеці атрымлівалі пяціразовае харчаванне. Дарэчы, план мерапрыемстваў абмяркоўваўся разам з рабятамі, якія таксама мелі магчымасць унесці свае прапановы і карэктывы. Пасля абеда – як належыць, культурна-спартыўная праграма, як і ў любым лагеры. А вось з раніцы да абеда дзеці працавалі ў гаспадарцы.
Як расказаў нам дырэктар ААТ “Кісялёўцы” Мікалай Трафімук, займаліся вучні праполкай збожжавых – працай, якой ім дазволена займацца згодна з узростам і санітарнымі патрабаваннямі. Нягледзячы на тое, што нават само па сабе знаходжанне на полі ў летнюю спёку – справа не з лёгкіх, працавалі добра. І незадаволеных не было, наадварот – відаць, праца ўсё-такі аб’ядноўвае. І не толькі прывычных мясцовых дзяцей, але і зусім, што называецца, гарадскіх – якія таксама працавалі і адпачывалі ў Кісялёўцах.
— Адчуванне такое, што ўвесь наш лагер стаў адной вялікай дружнай сям’ёй, — расказвае ўдзельніца працоўнага лагера Дыяна Дубовік. – Разам працавалі, разам адпачывалі, разам у рамках культурнай праграмы ездзілі па цікавых мясцінах, сустракаліся з іншымі школьнікамі – адным словам, жылі на самой справе насычаным жыццём. Лічу, што такі вось працоўны адпачынак – гэта вельмі цікава і нязвычна.
Акрамя добрага настрою і прыемных успамінаў, выхаванцы працоўнага лагера прывезлі дамоў і заработную плату, якая для многіх дзяцей аказалася першай. Ну а тым, хто ўжо дасягнуў неабходнага ўзросту, у канцы лагернай змены ва ўрачыстай атмасферы былі ўручаны працоўныя кніжкі – як першыя адзнакі хуткага ўступлення ў самастойнае жыццё.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *