Участник чемпионата мира по лёгкой атлетике кобринчанин Олег Колтунчик: «Укрепить здоровье — реально! Не ищите отговорок!»

Настаўнік фізкультуры СШ №1 Алег Калтунчык з ранняга дзяцінства любіць спорт. Ён наведваў КСДЮШАР, сур’ёзна займаўся кіданнем кап’я. Перспектыўнага кобрынскага спартсмена прынялі ў склад нацыянальнай маладзёжнай зборнай Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы. А ў 1999 годзе Алег годна прадставіў нашу краіну на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў. Малады чалавек закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і вярнуўся на Кобрыншчыну.


— Першым маім рабочым месцам была Корчыцкая базавая школа. Асабліва хацелася б адзначыць увагу і павагу да мяне як да маладога спецыяліста дырэктара школы Васіля Петрасюка. Ён заўсёды з глыбокім разуменнем ставіўся да кожнай маёй прапановы, дапамагаў рэалізоўваць цікавыя і карысныя праекты, — расказвае Алег. — У Корчыцкай школе я выкладаў фізічную культуру, а ў Хідрах вёў секцыю лёгкай атлетыкі. Мае выхаванцы з задавальненнем асвоілі лыжны спорт, нядрэнна гулялі ў баскетбол, стрытбол і валейбол, рэгулярна наведвалі плавальны басейн.
З 2010 года малады настаўнік выкладае ў СШ №1, дзе таксама дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва навучальнай установы здолеў згуртаваць вакол сябе аднадумцаў, адкрыць ім цікавы свет фізічнай культуры і спорту. Вядома, што гэтаму спрыяла і добрая матэрыяльна-спартыўная база ў школе. Каманды хлопчыкаў і дзяўчынак з СШ №1, якіх рыхтаваў Алег Калтунчык, у чэрвені занялі другія месцы на абласных спаборніцтвах па стрытболе сярод школьнікаў у Пружанах.
— Мая першарадная задача як настаўніка — прыцягнуць як мага болей моладзі да сістэматычных заняткаў спортам, каб даць ім годную альтэрнатыву шкодным звычкам, камп’ютарным гульням, — падкрэслівае настаўнік.
Таму і летам Алег працягвае праводзіць заняткі ў секцыях валейбола і стрытбола са школьнікамі і абавязкова пільна падтрымлівае сваю фізічную форму ў норме. Для гэтага, лічыць Алег, патрэбна толькі моцнае жаданне. А сілы і час абавязкова знойдуцца.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: Алег Калтунчык.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *