Кобрин принял эстафету Республиканской спартакиады школьников 2013 года. Состоялись матчи по женскому футболу. (+фото)

На мінулым тыдні, у панядзелак, фінішавала рэспубліканская “Спартакіяда школьнікаў-2013”. Фінальныя матчы па жаночым футболе з 18 па 24 чэрвеня прымаў наш горад. А сем кабрынчанак у складзе зборнай Брэсцкай вобласці змагаліся за званне лепшых у рэспубліцы.

У спартакіядзе бралі ўдзел шэсць абласных і адна зборная горада Мінска па жаночым футболе. Гульні праходзілі па кругавой сістэме. Кожная каманда згуляла з астатнімі шасцю. А пераможцу вызначылі па агульнай колькасці балаў.

За зборную каманду Брэсцкай вобласці гледачы перажывалі асабліва. І ёсць чаму. Нашы зямлячкі Марыя Саўчук, Наталля Дзяцук, Дар’я Чопік, Карына Сухарэвіч, Таццяна Камінская, Ірына Цішук, Вольга Сільчук і Валерыя Сінкавец сёлета ўвайшлі ў склад  жаночай футбольнай каманды Брэстчыны. Матч быў напружаным і па эмоцыях не менш вострым, чым гульні дарослай мужчынскай зборнай Кобрына. Дзяўчаты стваралі мноства галявых момантаў, давалі прыгожыя пасы і віртуозна спраўляліся з мячом. І ў выніку каманда заняла чацвёртае месца.

Ганарыцца сваімі дзяўчатамі іх першы трэнер Рыгор Ачапоўскі. Развіццём жаночага футбола ў нашым раёне ён займаецца вось ужо восьмы год.

— Неаднаразова з нашай камандай Дзівінскага дзіцячага дома займалі прызавыя месцы ў 1-2 лігах футбола ў Мінску, гулялі і ў вышэйшай жаночай футбольнай лізе, — расказвае Рыгор Антонавіч. — Таксама кабрынчанкі выступаюць і за зборную вобласці, і за рэспубліканскія каманды. Нашы дзяўчаты ўдзельнічаюць і ў вышэйшай лізе краіны, і ў чэмпіянаце Беларусі. Да прыкладу, наша вучаніца  Марыя Свідуновіч сёлета была залічана ў сталічнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Яна мае шанс выступаць на чэмпіянаце Еўропы. Я вельмі ўдзячны настаўнікам Дзівінскага дзіцячага дома, Павіццеўскай, Акцябрскай, а таксама Залескай, Гарадзецкай і іншых школ за такіх выдатных спартсменак.

Увогуле ж, паводле слоў трэнера, жаночы футбол у Беларусі, як і ва ўсім свеце, зараз актыўна развіваецца.

— Для кагосьці, вядома, жаночы футбол выглядае экзатычна. Але тым не менш, знаходзяцца і спонсары, і тыя, хто гатовы падтрымаць, — працягвае Рыгор Ачапоўскі. — Праўда, крыўдна, што пра нас мала ведаюць. Пра тое, што ў Кобрыне ёсць такія моцныя дзяўчаты-ігракі. І таму пакуль усё трымаецца на энтузіязме. Але мы стараемся і прабіваемся да тых, хто нас падтрымлівае.

Настасся ЗАНЬКО.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *