Перш за ўсё — бяспека

    Ужо зусім мала часу засталося да пачатку галоўнай падзеі года на кобрынскай зямлі – правядзення рэспубліканскага фестывалю- кірмашу “Дажынкі-2009”. Вядома, што патрабаванні да арганізацыі такога буйнамаштабнага мерапрыемства будуць прад’яўляцца даволі сур’ёзныя. Адна з важных задач – павышаныя меры бяспекі ў месцах правядзення святкавання. Менавіта гэтай тэме галоўным чынам была прысвечана нядаўняя прэс-канферэнцыя, якая адбылася ў мінулую пятніцу ў Брэсце з удзелам намесніка начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Уладзіміра Харыка і начальніка абласной дзяржаўтаінспекцыі Андрэя Мехеда.
    Мяркуецца, што ў мерапрыемствах па забеспячэнню грамадскай бяспекі і папярэджанню магчымых надзвычайных сітуацый прымуць удзел больш за 1,5 тысячы супрацоўнікаў праваахоўных органаў. У тым ліку ўчастковыя міліцыянеры, прадстаўнікі дзяржаўтаінспекцыі, палка патрульна-паставой службы міліцыі, падраздзяленняў спецпрызначэння, унутраных войск МУС РБ, у тым ліку і з Мінска.
    Ужо сёння на тэрыторыі Кобрынскага раёна праводзіцца шэраг прафілактычных мер, накіраваных на недапушчэнне правапарушэнняў і фактаў злачыннасці. Так, больш пільная ўвага надаецца кантролю за асобамі, якія раней былі асуджаныя ці адбывалі пакаранне, непаўналетнімі, якія здольныя парушыць закон. Праводзіцца ізаляцыя ў ЛПП хранічных алкаголікаў і г.д. Да пачатку святаў будуць дасканала даследаваны піратэхнічнымі групамі і ўзяты пад ахову ўчасткі горада, дзе плануецца праводзіць масавыя мерапрыемствы, — тэрыторыя лядовай арэны, плошча імя Леніна, парк імя А.В. Суворава і інш.
    Як зазначыў начальнік УДАІ УУС Андрэй Мехед, важна пры правядзенні “Дажынак” стварыць камфортную атмасферу для адпачынку і працы кабрынчан і гасцей горада. Будуць задзейнічаны не толькі дзяржаўтаінспектары Брэстчыны, але і Гродзенскай вобласці. Як можна здагадацца, рух на вуліцах Кобрына зменіцца. На кожным пад’ездзе да горада плануецца ўладкаваць блокпасты, на якіх супрацоўнікі ДАІ будуць сустракаць дэлегацыі гасцей і суправаджаць іх да месца прызначэння. Кожнаму вадзіцелю ўручаць спецыяльную памятку з падрабязнай інфармацыяй аб асаблівасцях руху, наяўнасці стаянак і інш. На дарогах горада ўладкуюць спецыяльныя паказальнікі, так што збіцца з дарогі будзе складана.
    Аўтаўладальнікам неабходна звярнуць увагу на тое, што згодна з планамі, вул. 700-годдзя Кобрына (ад вул. Дружбы да цэнтра горада), Дзяржынскага і Пушкіна закрыюцца для транспарту. У асноўным аўтамабільныя патокі будуць рухацца па вул. Савецкай і Інтэрнацыянальнай. Агульная працягласць тэрыторый, дзе размесціцца гандаль, складзе 9 тысяч метраў.
    Месцы для правядзення святочных мерапрыемстваў таксама ўзяты пад асобы кантроль. Па перыметру плануецца ўладкаваць турнікеты, а ўваход гледачоў будзе ажыццяўляцца праз кантрольна-прапускныя пункты з выкарыстаннем стацыянарных і ручных металадэтэктараў. У некаторых месцах установяць прыборы відэафіксацыі.
    Супрацоўнікі міліцыі асоба папярэджваюць грамадзян, каб яны не прыходзілі ў месцы святкаванняў з буйнагабарытнымі сумкамі, выбуховымі і іншымі небяспечнымі рэчывамі, колюча-рэжучымі прадметамі, а таксама напоямі ў шкляной тары, тэтрапакетах і цёмных пластыкавых бутэльках. Катэгарычна забараняецца прыносіць і распіваць у месцах святкаванняў алкагольныя напоі і піва. Асобам у нецвярозым стане ўваход будзе забаронены. Дарэчы, рэалізацыя “моцных” напояў на “Дажынках” не адменена, за выключэннем танных пладова-ягадных він.
    Пры выяўленні безгаспадарных ці падазроных прадметаў, выбуховых устройстваў ці наяўнасці інфармацыі аб пагрозе грамадскаму парадку і бяспецы грамадзян неабходна паведаміць бліжэйшаму нараду міліцыі ці патэлефанаваць па нумары 102. Праваахоўнікі шчыра жадаюць кабрынчанам і гасцям горада добра правесці час на “Дажынках” і папярэджваюць аб строгім выкананні правілаў паводзін у грамадскіх месцах, заклікаюць з павагай ставіцца да ўдзельнікаў мерапрыемства.
    Раман МЕЛЬНІК.
    Фота аўтара.

    НА ЗДЫМКУ: (злева направа) начальнік абласной дзяржаўтаінспекцыі Андрэй Мехед і начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Уладзімір Харык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *