З абуткам – у кобрынскую сацыяльную майстэрню

«Дапамагаць людзям, каб потым яны змаглі дапамагчы сабе самі”. Менавіта гэты прынцып з’яўляецца дэвізам дзейнасці міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Сафія”, якое ўжо не першы раз удзельнічае ў рэалізацыі сацыяльных праектаў на Кобрыншчыне. Не так даўно з дапамогай гэтай арганізацыі ў раёне ўзяла старт яшчэ адна добрая справа – у Дзівіне Кобрынскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва была адкрыта майстэрня па рамонце абутку.


— У гэты раз нашай мэтай з’яўляецца камплектацыя неабходным абсталяваннем і інструментам рабочага месца для інваліда, — расказвае прадстаўнік МДГА “Сафія” Гэры Джон, які наведаў нашу краіну разам з жонкай Кэйлін. – Гэта дасць магчымасць прадастаўляць паслугі па рамонце абутку і ў будучым вучыць гэтай справе іншых людзей з абмежаваннямі. Хацелася б адзначыць, што галоўная наша задача — не проста дапамагчы адзін раз, а зрабіць гэта так, каб праект працаваў доўгі час і прыносіў карысць як мага большай колькасці людзей.
Для новай майстэрні былі закуплены швейная машына, інструментальная шафа, стол, станок для рамонту абутку, швейны інструмент і іншыя неабходныя прылады. Трэба адзначыць, што майстэрня па рамонце абутку – далёка не першы вопыт супрацоўніцтва кабрынчан з “Сафіяй”. Нагадаем, вясной 2009 года з яе дапамогай на Дзівіншчыне адчыніла свае дзверы сацыяльная пральня, якая сёння карыстаецца папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў, таксама гэтай дабрачыннай арганізацыяй была аказана дапамога Кобрынскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў.
Дарэчы, не паспела майстэрня афіцыйна адкрыцца, як да дзвярэй ужо пацягнуліся першыя наведвальнікі. Аб тым, як працуецца на новым месцы, мы запыталіся ў Германа Лісаф’ева – інваліда III групы і майстра па рамонце абутку, які на момант нашага візіту якраз завіхаўся ў майстэрні.
— Што і гаварыць, абсталяванне добрае, — расказвае Герман. – Можна сказаць – ёсць усе неабходныя ўмовы для работы. Думаецца, што і кліенты будуць – як-ніяк, справа патрэбная.
Застаецца толькі пажадаць новаму праекту поспехаў, а дзівінчанам – на самой справе якаснага і даступнага сэрвісу. Можна быць упэўненым — ён абавязкова знойдзе сваіх спажыўцоў.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *