Вячаслаў ШАРАПАЎ: “Захаваць стыль Мулявіна – справа гонару”

“Белавежская пушча”, “Беларусія”, “Волагда”… Напэўна, кожная з гэтых чароўных песень і цяпер мілая сэрцу, асабліва старэйшага пакалення кабрынчан, якія добра знаёмы з творчасцю ансамбля “Песняры”, створанага Уладзімірам Мулявіным. У мінулую сераду многія гараджане мелі магчымасць прыйсці на канцэрт дзяржаўнага ансамбля ў Палац культуры. Яшчэ да пачатку канцэрта карэспандэнт “КВ” пагутарыў з мастацкім кіраўніком калектыву Вячаславам Шарапавым.

— Вы не ўпершыню прыязджаеце ў Кобрын. Падабаецца выступаць у нас?

— Перакананы, што поўдзень Беларусі — гэта край шчырых, гасцінных людзей, якія заўсёды цёпла і ветліва сустракаюць артыстаў. На канцэртах пануе атмасфера любві і сяброўства. Прыемна бачыць сярод нашых прыхільнікаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, пажылых людзей, якія з радасцю і ноткай суму ўзгадваюць аб сваёй маладосці, падпяваюць нам. Але ёсць многа моладзі, якая высока цэніць прафесійнае выкананне, жывы гук.

— Наколькі напружаны творчы графік артыстаў?

— У 2012 годзе ў межах гастрольных тураў мы выступілі не толькі ў Беларусі, але і ў 42 гарадах Расіі. Справа ў тым, што для расіян “Песняры” – настальгія, да якой жадаюць дакрануцца тысячы людзей, нават у самых аддаленых рэгіёнах. У асноўным мы працуем менавіта ў гэтай краіне. Але нярэдка выязджаем і ў далёкае замежжа. Наведалі з канцэртамі ЗША, Канаду, Ізраіль і інш. Ведаеце, за мяжой зусім іншыя тендэнцыі. Творчае жыццё артыстаў паступова перамяшчаецца ў інтэрнэт. Некаторыя атрымліваюць асалоду ад канцэрта, седзячы дома на канапе каля камп’ютара ці з дыстанцыйным пультам ад хатняга кінатэатра. Але, на ўласны погляд, ніякая нават самая высакаякасная аўдыё- ці відэаапаратура ніколі не заменіць жывога гуку. Прысутнасць чалавека ў канцэртнай зале дае магчымасць адчуць энергетыку выканаўцы.

— У чым сакрэт папулярнасці “Песняроў”?

— Нават нягледзячы на тое, што на сцэне ўжо пятае пакаленне “Песняроў”, шмат новых, маладых імёнаў, мы імкнемся прытрымлівацца менавіта таго арыгінальнага стылю выканання, які шмат гадоў фарміраваў Уладзімір Мулявін, – шчырасць, душэўнасць, тонкае пачуццё музыкі і настрою слухача, шматлікія імправізацыі. Захаваць спадчыну маэстра – справа гонару.

…Глядзельная зала Палаца культуры была перапоўнена. Многіх на канцэрце “Песняроў” прыемна парадавалі не толькі хіты, якія заўсёды з’яўляюцца візітнай карткай ансамбля, але і новыя песні – “Прысвячэнне майстру” на словы беларускай паэтэсы Вольгі Залескай у гонар Уладзіміра Мулявіна, “Стары клён” з кінафільма “Дзяўчаты”, творы “Раскажы”, “Паштовы раман” і многія іншыя. Гледачы шчодра адарылі артыстаў бурнымі апладысментамі, кветкамі і ўсмешкамі.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры“ на кобрынскай сцэне.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Для вас недорого выставка зарубежной недвижимости без проблем.