Парковка в кобринских дворах давно превратилась в острую проблему.

За апошнія гады колькасць аўтамабіляў у нашым горадзе значна ўзрасла. Адпаведна ўзрасла і праблема з іх паркоўкай. Сёння практычна кожны двор шматкватэрных дамоў забіты легкавымі аўтамабілямі. Прычым часта можна бачыць іх колы на бардзюрах, машыны стаяць на газонах, туляцца каля ўваходаў у пад’езды. І хоць за парушэнне правілаў паркоўкі прадугледжаны адпаведныя штрафы, на жаль, сітуацыя пакуль мала змяняецца ў лепшы бок. Асабліва аўтамабільнае “нашэсце” адчуваецца ў вячэрні і начны час, калі многія аўтаўладальнікі прыязджаюць з работы, а ўласны гараж мае не кожны. Нехта проста лянуецца загнаць свайго жалезнага каня ў гаражныя “стойлы”.

Між тым, у нашым горадзе існуе шэраг платных аўтастаянак, якія ахоўваюцца, і зусім не запоўненыя “пад завязку”. Але туды, як правіла, людзі едуць ставіць машыны на ноч. Днём жа праблема паркоўкі адчуваецца не толькі ў жылых масівах, але і каля некаторых магазінаў, іншых грамадскіх месцаў.

Вось як пракаментаваў сітуацыю інспектар міжраённага аддзела арганізацыі дарожнага руху УДАІ РАУС Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Паляціла:

— Сапраўды, з 2011 года, калі аўтамабільны парк горада рэзка ўзрос, адразу абвастрылася праблема з паркоўкай. Згодна з пяцігадовым “Планам будаўніцтва стаянак і парковак у Брэсцкай вобласці”, зацверджаным аблвыканкамам, да снежня 2014 года ў нашым горадзе будзе пабудаваны шэраг новых парковак. У прыватнасці, яны прадугледжаны каля гандлёвага цэнтра СТАА “ВП Палессе” па вул. Савецкай, 137 — на 200 і 400 машына-месцаў; каля новага магазіна па вул. Дзяржынскага ў раёне АЗС — на 80 машына-месцаў; каля новага гандлёвага аб’екта “АЛМІ” на перакрыжаванні вуліц Дружбы і Паркавай — на 140 машына-месцаў. Аднак гэта праблему поўнасцю не вырашыць.

Хочам яшчэ раз звярнуць увагу на тую ж аўтастаянку, што ахоўваецца, па вул. Суворава. Знаходзіцца на балансе КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” і выкарыстоўваецца аўтаўладальнікамі пакуль слаба. Між тым абсталявана паркоўка па ўсіх неабходных правілах, зручна размешчана, ёсць тратуарныя дарожкі для камфортнага падыходу.

Дарэчы, работнікі дзяржаўтаінспекцыі прывялі прыклад свежага аўтакрадзяжу: 21 красавіка па вул. Дружбы, 21, ноччу быў адчынены капот прыватнага аўто і ўкрадзены аўтамабільны акумулятар. Здарэнне адбылося якраз у раёне аўтастаянкі КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”, якая ахоўваецца. Калі б загнаў гаспадар туды сваю машыну – усё было б у поўным парадку.

Таму разам з дзяржаўтаінспекцыяй яшчэ раз звяртаем увагу ўсіх аўтамабілістаў: старайцеся паркаваць свае транспартныя сродкі так, каб не парушаць Правілы дарожнага руху і, у прыватнасці, правілы паркоўкі, а ў начны час, калі няма ўласнага гаража, пакіньце свой аўтамабіль на стаянцы, якая ахоўваецца. Лепей заплаціць не такую ўжо і высокую суму за надзейнасць і захаванне, чым потым шкадаваць аб пашкоджанай ці ўвогуле страчанай маёмасці.

Платныя аўтастаякі, якія ахоўваюцца, у межах г. Кобрына:

аўтастаянка КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” – вул. Суворава, 41 (раён парку, пляцоўка былога ДТСААФ);

аўтастаянка на тэрыторыіі аўтапарку №16 – вул. Савецкая, 76;

аўтастаянка СТА ЗАТ “Кобрын-Лада” – вул. Пралетарская, 177А;

аўтастаянка па вул. Дзяржынскага (раён прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў);

аўтастаянка ў в. Пецькі (для вялікагрузных машын).

Штрафы, прадугледжаныя Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, за парушэнне правілаў паркоўкі:

— легкавыя аўтамабілі – 100000 рублёў, за паўторнае парушэнне – 200000 рублёў;

— грузавыя аўтамабілі – 500000 рублёў, за паўторнае парушэнне – 1000000 рублёў.

Падрыхтаваў Ігар СІДАРУК.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *