Маладзее старажытны Кобрын

    Перамены ў гарадской забудове кабрынчане бачаць кожны дзень. Шматлікія брыгады спецыялістаў прыводзяць у парадак горад, надаюць фасадам дамоў і іншым аб’ектам стыльны выгляд. Заўтра ў будаўнікоў прафесійнае свята. З гэтай нагоды мы звярнуліся да намесніка старшыні Кобрынскага райвыканкама Паўла Кірылюка.
    — Павел Васільевіч, што можна сказаць аб ходзе выканання агульнага плана работ па падрыхтоўцы да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2009”?
    — Адзначу, што сёлетнія “Дажынкі” — унікальныя ў сваім родзе. Упершыню было прынята рашэнне аб будаўніцтве ў нашым горадзе новых буйных аб’ектаў, такіх, як аквапарк, лядовая арэна, набярэжная, вяслярны канал, стадыён “Юнацтва”, гарадскі Дом культуры, будынак філіяла “Беларусбанка”, гасцініца і інш. Усе яны будаваліся літаральна “з нуля” і ў кароткі тэрмін. Нягледзячы на ўсю складанасць пастаўленых задач, будаўнічыя арганізацыі ўкладваюцца ў графік. Так, напрыклад, аб’ём работ, які выкананы на лядовай арэне, складае прыкладна 60 працэнтаў. Цяпер вядзецца ўсталяванне халадзільнага абсталявання, манціруюцца сеткі камунікацый, уладкоўваюцца сядзенні і борт для лядовага поля. Больш чым напалову гатовы і аквапарк.
    На чарговым пасяджэнні штаба пад старшынствам намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктара Сакоўскага былі вызначаны канчатковыя тэрміны здачы ў эксплуатацыю самых буйных аб’ектаў – не пазней 25-29 жніўня.
      — А якімі сіламі і сродкамі вырашаюцца задачы будаўніцтва, рэканструкцыі і капітальнага рамонту гарадскіх аб’ектаў?

    — У гэтым годзе запланавана адрамантаваць 198 дамоў, з якіх 178 рамантуюцца капітальна. Да 50 дамоў будзе прыменена цеплавая рэабілітацыя, у 25 будынках заменяць дах. Астатнія атынкуюць і пафарбуюць. Будуць прыведзены ў парадак месцы агульнага карыстання і дваровыя тэрыторыі і г. д.

    Зразумела, што такія аб’ёмы работ не завершацца да пачатку святкаванняў. Працэс рамонту некаторых дамоў будзе працягвацца да канца года. Нагадаю, што ўсяго на “Дажынкі” з бюджэту выдзелена прыкладна 330 млрд. рублёў, з якіх на жылы фонд 70 млрд. з улікам дваровых тэрыторый. Гэтых грошай хапіла б толькі на комплексны рамонт 40 дамоў. Тым не менш кіраўніцтвам раёна і вобласці было прынята рашэнне, каб працэс рэканструкцыі зрабіць больш танным. Нагадаю, што ў мінулым на Кобрыншчыне ў год рамантавалася ўсяго 1-2 жылыя дамы камунальнай уласнасці. Усяго ж іх налічваецца ў горадзе больш за 350. Акрамя гэтага, запланавана заасфальтаваць 120 кіламетраў дарог у горадзе. І гэта работа распачалася летась. Усяго на 1 жніўня новае пакрыццё ўкладзена на працягу 75 кіламетраў. За 5 месяцаў бягучага года пабудавана 4 км каналізацыі і 1,2 км водаправода. У працэсе будаўніцтва знаходзяцца яшчэ прыкладна 15 км каналізацыйных сетак.
    Такім чынам, “Дажынкі” для Кобрына сталі добрым шанцам у кароткі тэрмін вырашыць шмат праблем.
    — А як выконваецца план жыллёвага будаўніцтва ў горадзе і на сяле?
    — Уведзены ў эксплуатацыю шматпавярховы 80-кватэрны дом па вул. Інтэрнацыянальнай для грамадзян, якім патрабуецца паляпшэнне жыллёвых умоў. У сельгасарганізацыях забяспечаны ўвод 51 дома пры плане ў 48. За гэты год нам неабходна ўвесці 56 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Па стане на жнівень гэта лічба скалала 31,3 тыс. кв. метраў. Пры існуючых тэмпах і аб’ёмах будаўніцтва план першага паўгоддзя выкананы.
    — Што Вы можаце сказаць аб якасці работ?
    — Вядома, што пры такіх тэмпах праблем з якасцю не пазбегнуць. Гэтыя недапрацоўкі выяўляюць кантралюючыя органы. Дзейнічае жорсткая сістэма мер уздзеяння на парушальнікаў.
    Сёння на будаўнічых аб’ектах Кобрына працуюць больш за 2000 спецыялістаў не толькі з Кобрына, але і Мінска, Брэста, Бабруйска, Пружан, Драгічына, Шклова і інш. Нямала задзейнічана фірм з замежным капіталам, адна нямецкая арганізацыя. Старанна выконваюць свае абавязкі майстры кобрынскіх арганізацый — ААТ “Будтрэст №33”, ААТ “ПМК-57”, пінскія будтрэст №2 і ПМК-33, брэсцкі будтрэст №8. Рэканструкцыяй жылёвага фонду займаюцца 45 арганізацый рознай формы уласнасці. Адзначу здавальняючую якасць работ прыватных фірм “Маго” (г. Брэст), “Ніка-буд”, “Зубр-буд” і ЗАТ “Інтэрбудсэрвіс” (Кобрын) і інш.
    Жадаю ўсім будаўнікам здароўя і дабрабыту, поспехаў на аб’ектах сацыяльнага і жыллёвага прызначэння.

    Гутарыў Раман МЕЛЬНІК.

    фота Дзмітрыя Бялова

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *