На апошняй загонцы

    У суботу, 8 жніўня, з самай раніцы ў дырэктара ААТ “Астромічы” Уладзіміра Псышчаніцы быў добры настрой: і справы ладзіліся, і надвор’е радавала. САпраўды дзень склаўся ўдала, пад вечар з палеткаў прыйшла добрая вестка – камбайнеры завяршалі жніво каласавых. Таму ўсё кіраўніцтва акцыянернага таварыства накіравалася ў поле, каб павіншаваць удзельнікаў уборачнай з працоўнай перамогай.
    Тут, на збожжавым палетку, дзе спыніліся разгарачаныя працай камбайны, загучалі музыка і песні мясцоваых самадзейных артыстаў у гонар хлебаробаў, а жнеі паднеслі дырэктару гаспадаркі Уладзіміру Псышчаніцы сноп збажыны з важкімі каласамі. Падводзячы вынікі сёлетняга сезона, Уладзімір Уласавіч шчыра падзякаваў земляробам за зладжаную працу, якая прыносіць добры плён.
    І гэта сапраўды так, кожны год камбайнеры павялічваюць намалот зерня. Летась, напрыклад, валавы збор яго склаў 3600 тон (на 1000 тон больш, чым у папярэднім годзе), а сёлета пры ўраджайнасці з кожнага гектара ў 38 цэнтнераў агульны намалот каласавых збожжавых дасягнуў 3800 тон. І гэта, як лічаць у Астромічах, не мяжа. Упаўне рэальны выхад на 5000-тонны збор ураджаю. На гэта і нацэльвае кіраўніцтва гаспадаркі хлебаробаў, прымае канкрэтныя захады па сортаабнаўленню, багатай запраўцы глебы ўгнаеннямі – увогуле павышэнню культуры земляробства.
    Што датычыцца пераможцаў жніва, то прызнанне і ўдзячнасць за руплівасць і майстэрства атрымалі ўсе, хто змагаўся за ўраджай. Асаблівая падзяка адрасавалася экіпажам камбайнераў-“тысячнікаў”. Імі сёлета сталі ў Астромічах Іван Назарчук з памочнікам Сяргеем Дзецуком і Аляксандр Дзяшко з памочнікам Юрыем Піліповічам.
    …Жніво завершана, а напружаная работа ў гаспадарцы працягваецца. Камбайнеры дапамогуць убіраць ураджай суседзям, астатнія працаўнікі гаспадаркі назапашваюць кармы, закладваюць трывалую аснову будучага ўраджаю. Як адзначалася ў час урачыстасцей, калі задачы намечаны, то іх трэба выконваць, слова трымаць.
    Аляксей МАКСІМЧЫК.
    НА ЗДЫМКУ Анатолія ШУГАЯ: пераможцы жніва 2009 года ААТ “Астромічы” (злева направа) Юрый Піліповіч, Аляксандр Дзяшко, дырэктар ААТ “Астромічы” Уладзімір Псышчаніца, Іван Назарчук і Сяргей Дзяцук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *