Аляксандр АРХІПАЎ: “Большая частка пытанняў на Кобрыншчыне вырашаецца на мясцовым узроўні”.

Незадаволенасць судовымі рашэннями, разгляд крымінальных спраў, канфлікты, звязаныя з працоўнымі адносінамі – вось прыкладны пералік тэм, якія былі актуальныя ў час асабістага прыёму грамадзян, які нядаўна праводзіў на Кобрыншчыне намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандр Архіпаў.
— Асабісты прыём грамадзян дае магчымасць даведацца, якія праблемы хвалююць людзей у тым ці іншым рэгіёне, — расказвае Аляксандр Міхайлавіч. – Становіцца зразумела, як ставяцца да грамадзян прадстаўнікі органаў мясцовай улады, як вырашаюцца праблемы людзей. Па сутнасці, практычна кожны дыялог на такіх прыёмах мае пад сабою рацыянальную падставу. Можна сказаць без перабольшання – па сітуацыі на асабістым прыёме, па колькасці і спецыфіцы зваротаў можна скласці ўражанне аб узроўні і якасці работы чыноўнікаў на месцах у цэлым. І той факт, што на прыём запісаліся ўсяго чатыры чалавекі, гаворыць аб тым, што большая частка пытанняў на Кобрыншчыне вырашаецца на мясцовым узроўні.
Як адзначыў Аляксандр Архіпаў, вялікую частку спектра пытанняў на асабістых прыёмах традыцыйна складаюць нюансы адміністрацыйнай практыкі. Але не з’яўляюцца рэдкімі і пытанні, звязаныя з праблемамі жыллёва-камунальнай сферы, не губляюць актуальнасці і зямельныя пытанні. Увогуле ж, як падкрэсліў намеснік Генеральнага пракурора, чыноўнікам і прадстаўнікам мясцовай улады трэба ставіцца да праблем грамадзян з самай сур’ёзнай увагай. Толькі ў гэтым выпадку можна вырашаць большасць пытанняў на ранняй стадыі іх узнікнення і не дапускаць выпадкаў, калі яны пераходзяць у цяжкія шматгадовыя канфлікты. Паводле вынікаў прыёму, усе наведвальнікі атрымалі на свае пытанні поўныя і кампетэнтныя адказы.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *