ААТ “Кобрынаграмаш”: эканоміць, удасканальваючы.

Эканомія ў маштабах прадпрыемства – задача не з лёгкіх, тым больш калі вытворчасць энерганасычаная. Аднак, як паказвае практыка ААТ “Кобрынаграмаш”, і ў такой сітуацыі можна эфектыўна эканоміць, асабліва, калі скрупулёзна падлічваць усе затраты і ўкладаць грошы з прыцэлам на перспектыву.


— За мінулы год паказчык па энергазахаванні (энергазберажэнні) ў нас склаў -10,5% пры даведзеных планам -4,5%, — расказвае галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Карпеш. – У той жа час аб’ём выпушчанай прадукцыі вырас і склаў 142% да аб’ёму 2011 года. Дасягнуць такіх вынікаў удалося дзякуючы цэламу комплексу фактараў, сярод якіх і выпуск прадукцыі з меншай энергаёмістасцю, і строгі ўлік энергіі, якая затрачваецца, і мадэрнізацыя абсталявання.
Апошняя, дарэчы, закранула цэх кабельнай прадукцыі, які дзейнічае на прадпрыемстве з 2007 года. Так, ужо за бягучы год у абсталяванне тут было ўкладзена каля двух мільярдаў рублёў – як ў мадэрнізацыю ўжо існуючых агрэгатаў, так і ў закупку новай лініі скруткі нямецкай фірмы “Niehoff” — што дазволіць не толькі павялічыць аб’ёмы выпуску, але і зрабіць больш разнастайнай наменклатуру прадукцыі. Калі раней яна выкарыстоўвалася пераважна на машынабудаўнічых прадпрыемствах і ў будаўнічай галіне, то зараз “Кобрынаграмаш” вядзе перагаворы аб пастаўках кабельнай прадукцыі для ААТ “Атлант”.
— Новая лінія прызначана для аўтаматызаванага скручвання жыл токаправодзячых правадоў, — расказвае намеснік галоўнага інжынера Мікалай Кахоўскі. – Па сутнасці, задача аператара – устанавіць катушкі, задаць рэцэптуру, у якой закладзена сячэнне, усё астатняе робіць аўтаматыка. Застаецца толькі пачакаць, пакуль выйдзе гатовая жыла провада. Акрамя таго, грошы былі ўкладзены ва ўжо існуючае абсталяванне, у прыватнасці, у мадэрнізацыю машыны валачэння, што дазволіла павялічыць прадукцыйнасць. Як паказвае практыка, вытворчасць кабельнай прадукцыі – галіна перспектыўная, значыць, ёсць сэнс укладаць сродкі ў яе далейшае развіццё.
Не абышла мадэрнізацыя і пытанні эканоміі. Так, у канцы мінулага года ўпершыню на прадпрыемстве была ўстаноўлена аўтаматызаваная сістэма ўліку і кантролю электраэнергіі, якая сёння праходзіць выпрабаванні. Карыстаючыся тым, што работа ў цэху кабельнай прадукцыі ідзе ў некалькі змен, прадпрыемства карыстаецца дыферэнцыраваным улікам электраэнергіі, што прыносіць станоўчыя вынікі. Вялікая ўвага ўдзяляецца і павышэнню энергаэфектыўнасці вытворчасці. Так, на абсталяванне на прадпрыемстве былі ўстаноўлены кампенсатары рэактыўнай магутнасці, якія дазваляюць эканоміць каля 20% выкарыстанай энергіі. Тэрмін поўнай акупнасці такіх кампенсатараў — два гады. Не забываюць на прадпрыемстве і пра камфорт супрацоўнікаў, які вельмі часта непасрэдна звязаны з той самай эканоміяй. У прыватнасці, не так даўно тут быў выкананы рамонт памяшкання цэху вытворчасці жгутоў, дзе былі ўстаноўлены сучасныя шклопакеты і адрамантаваны дах, што дазволіла не толькі значна знізіць страты цяпла, але і проста зрабіць больш спрыяльнымі ўмовы працы.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) аператар Уладзімір Векверт і інжынер-тэхнолаг Аляксандр Стралец каля новай лініі скруткі ў цэху кабельнай прадукцыі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *