З любоўю да традыцый, з душою – да гасцей

    Прыгожа аздобленая драўляная хата. Чысценькі двор, які ўвесь, нібыта рознакаляровым дываном, укрыты кветкамі. Апетытны водар свежавыпечанага хлеба. І непаўторная атмасфера сапраўднай вясковай утульнасці – у спалучэнні з самымі сучаснымі дасягненнямі цывілізацыі… Гэта не казка, гэта – вёска Андронава, аграэкасядзіба “Палескія традыцыі”, у якой гаспадарыць Ніна Главацкая.
    — Ідэя з’явілася ў мяне на адным з семінараў, які наведвала па фермерскай лініі, — расказвае Ніна Мікіцічна. – Праходзіў ён якраз у падобнай сядзібе. Вось тады і прыйшла думка – а чаму б не паспрабаваць? Зрабілі праект, ён атрымаў адабрэнне, потым на льготных умовах узялі крэдыт. І пачалі працаваць…
    Да працы, дарэчы, сям’і Главацкіх не прывыкаць – фермерская гаспадарка “Алесін сад”, названая так у гонар дачкі Алесі, займае 10 гектараў, на якіх знаходзяцца 7 тысяч пладовых дрэў.
    — Муж спачатку ставіўся да маёй ідэі скептычна – маўляў, хто там да цябе паедзе на ўсё гэта глядзець, — усміхаецца Ніна Главацкая. – У яго да бізнэсу іншы падыход – пасеяў, сабраў добры ўраджай, значыць – зарабіў. Увогуле, чалавек вельмі працавіты – ды і мне на адным месцы ўседзець цяжка. Быццам бы якая сіла ўвесь час штурхае – рабі, прыдумвай… Я хацела, каб атрымаўся домік майго дзяцінства – квінтэсэнцыя сапраўднай беларускай вясковай хаты. Домік атрымаўся. За ім надышла чарга альтанкі, павеці, дзіцячай пляцоўкі – з ёй, дарэчы, дапамог стрыечны брат, Яўген Капуза. І што, думаеце, на гэтым я супакоілася? А як жа!.. Сёння, можна сказаць, ад задуманага зроблена толькі пятая частка.
    Зараз недалёка ад доміка, разлічанага на 4 чалавекі, які мае ўсе атрыбуты беларускай хаты – ад мэблі і карнізаў да печы і ўнутранага аздаблення, будуецца памяшканне для вечарынак. Скончыць яго Ніна Главацкая плануе ўжо ў кастрычніку. Тут можна будзе праводзіць розныя мерапрыемствы, святкаваць юбілеі і вяселлі ды і проста адзначаць сямейныя святы. Акрамя гэтага, у планах стварыць спартыўную пляцоўку, трэнажорную залу, у цокальным паверсе паставіць більярдны стол, пабудаваць лазню… Хацелася б яшчэ прыдбаць пасажырскі мікрааўтобус – для экскурсій. І – сустракаць гасцей.
    За апошні перыяд – а гэта крышачку больш чым год — сядзібу наведалі ўжо больш за 100 чалавек. Сярод іх – госці з Рыгі, з Баку, Санкт-Пецярбурга, Масквы і нават з Каліфорніі – прафесары Каліфарнійскага ўніверсітэта, якія працуюць па праграме “Маці-Зямля” (Terra Madre) – у якой, дарэчы, прымае актыўны ўдзел і сама Ніна Главацкая. І ўсе пакідаюць сядзібу з выдатнымі ўражаннямі і нязменна добрымі пажаданнямі.
    — Можна сказаць, што вядомасць да нашай сядзібы прыйшла пасля размяшчэння аб’явы ў інтэрнэце, — расказвае Ніна Главацкая. – Што ж датычыцца людзей, якія да нас прыязджаюць, то яны розныя. Тыя, хто стаміўся ад атмасферы вялікіх гарадоў, хто хоча адпачыць – альбо наадварот, прыехаў па справах і не жадае праводзіць вольны час у гасцінічным нумары…
    Дадайце да гэтага выдатную ежу, прыгатаваную згодна са старажытнымі рэцэптамі і традыцыямі – Ніна Главацкая, дарэчы, з’яўляецца пераможцай конкурсу “Палескія прысмакі”, што адбыўся ў мінулым годзе. Тут на стале вы не сустрэнеце “хіміі” ці кансервантаў – усё натуральнае, карыснае, апетытнае. Вараная бульба са шкваркамі, свежая агародніна, цудоўныя сіропы хатняга гатавання… Згадзіцеся, у спалучэнні з ціхай вясковай атмасферай, якая сама па сабе ўжо дзейнічае лепей за любы стымулятар, эфект атрымліваецца проста фенаменальны.
    Гасціннасць гэтай незвычайнай жанчыны проста здзіўляе. У аграсядзібе “Палескія традыцыі” ўсе людзі – не проста госці, а ў першую чаргу добрыя сябры. Разам з гаспадарамі пякуць хлеб, адпачываюць, гатуюць ежу… У выпадку, калі месца ў беларускай хатцы занята, ці па жаданню гасцей свае дзверы для іх адкрывае ўласны дом Ніны Главацкай – у якім таксама месца хапае ўсім. Ёй не прывыкаць – у сям’і самой Ніны Мікіцічны было ні многа ні мала 12 дзяцей. А калі падлічыць усіх стрыечных, то толькі па лініі маці набярэцца 34 чалавекі.
    Але, мабыць, адна з самых цікавых рыс сям’і Главацкіх – іх любоў да нацыянальных традыцый. Пачынаецца яна адразу ж, як толькі ўваходзіш у дом – прадметы старажытнага быту, вышытыя сурвэткі і рушнікі, разнастайныя глечыкі, збаночкі, старыя прасы з’яўляюцца неад’емнай часткай інтэр’еру. За кожным з гэтых прадметаў – свая гісторыя…
    — Збіраецца ўсё, што называецца, з міру па нітцы, — расказвае Ніна Мікіцічна. – Штосьці знойдзена па вёсках, нешта прыносяць самі людзі, а штосьці зроблена на заказ – як некаторыя вышыванкі. Узяць, напрыклад, вось гэтую камоду – колькі ёй гадоў, нават не ведаю. Знайшлі мы яе ў такім стане, што, здавалася, вось-вось разваліцца. А я на яе гляджу – і адчуваю, што не ўзяць не магу. Прывезлі сюды, знайшлі рэстаўратара, які і надаў ёй сённяшні выгляд – а калі дакладней, то вярнуў пачатковы. Потым глядзім – а чаму б не зрабіць у такім жа стылі і карнізы? Яны, у сваю чаргу, так і прасілі вышытых фіранак… Так, крок за крокам, атрымліваецца аўтэнтычная атмасфера.
    Яе выдатна дапаўняе сама гаспадыня – вось яна, у нацыянальным беларускім адзенні, сустракае сваіх гасцей на парозе хаты з хлебам-соллю. І – з песней… Як адзначыла Ніна Главацкая, песня для яе – гэта не проста мастацтва, гэта – лад жыцця. Асабліва просіцца песня падчас выпякання хлеба – які, дарэчы, па водары і смаку не саступіць любой “магазіннай” выпечцы.
    У чым жа сакрэт? Чаму нават чалавек, які ўсё жыццё пражыў у горадзе, адчувае незвычайны душэўны пад’ём у гэтай невялікай сядзібе?
    — Адзін вучоны калісьці сказаў, што, магчыма, гэта – своеасаблівая генетычная памяць, — разважае Ніна Мікіцічна. – Задумайцеся – у такой жа абстаноўцы жылі нашы продкі, пяклі хлеб, жылі ў гармоніі з прыродай, адпачывалі з песняй, клаліся спаць з малітвай… Хто ведае – магчыма, менавіта ў такой атмасферы абуджаецца наша пачуццё пераемнасці пакаленняў, непарыўнай сувязі з продкамі. Захаваць усё гэта, прыцягнуць увагу да традыцый нашых дзядоў і прадзедаў – я лічу, што гэта – адна з галоўных задач.
    Цікавая рэч – госці сядзібы, якія апранаюць нацыянальнае беларускае адзенне, каб зрабіць фота на памяць, потым адзначаюць, што яго нават не хочацца здымаць – настолькі зручна і прыемна ляжыць на целе. Ніна Главацкая ўпэўнена – гэта таму, што ў яго пашыў была ўкладзена частка душы.
    Тое ж самае датычыцца і гатавання ежы – яна будзе намнога смачнейшай, калі падысці да справы з душою.
    Менавіта так – з добрай душою і адкрытым сэрцам ставяцца да сваіх гасцей у аграэкасядзібе “Палескія традыцыі”. Хто ведае – можа, менавіта з гэтай нагоды пасля візіту туды мы адчулі сябе так, нібыта за спіною і не было цяжкага працоўнага дня і доўгай дарогі. Невядома адкуль з’явілася энергія, палепшыўся настрой – і нават спёка на вуліцы ўжо не здавалася такой моцнай. Не верыце? Наведайце сядзібу!
    Дзмітрый БЯЛОЎ.
    Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *