На канцэрт у Кобрыне ў падтрымку Дашы Мацыны прыйшлі 777 чалавек.

Пятнічны канцэрт у Палацы культуры быў не зусім звычайным. Нагодай для поўнай залы стала не свята, не нейкая прыемная навіна, а хутчэй сумны факт — хвароба адной нашай маленькай гараджанкі.

Дар’я Мацына нарадзілася чатыры месяцы таму і ўжо даведалася, што такое пастаянны і страшны боль. Дыягназ “булёзны эпідэрмоліз у стадыі, што мяжуе з лятальнай”, Дашы паставілі з самага нараджэння. Гэта рэдкае генетычнае захворванне скуры, пры якім сувязь паміж клеткамі становіцца настолькі слабой, што пры самай малой траўме яны разрываюцца. Такіх дзяцей яшчэ называюць “матылькамі”. Іх скура такая ж крохкая, як крылы матылька. Пры любых дотыках на скуры ў такіх дзяцей з’яўляюцца балючыя пухіры. Іх абавязкова патрэбна праколваць, змазваць і перабінтоўваць спецыяльнымі сродкамі. Штодзень у дзяўчынкі дзве перавязкі, кожная з якіх вельмі балючая.

У Беларусі толькі шэсць такіх дзяцей. Хвароба ў нашай краіне маладаследаваная, аперацыі ў Беларусі не праводзяць. Літаральна да нядаўняга часу не праводзілі іх і ў свеце. Аднак цяпер клініка ў ЗША можа даць шанс для дзяцей-“матылькоў”. Праўда, яе кошт 150 тысяч долараў, яшчэ 11 тысяч долараў каштуе генетычны аналіз. Простая кобрынская сям’я, вядома, без падтрымкі такія сумы сабраць не можа.

Пра ўсё гэта, а таксама пра веру, надзею і любоў гаварылі ўдзельнікі канцэрта пад кадры відэа пра Дашу і яе фотаздымкі. Адкрыў канцэрт наш зямляк, вядучы і спявак Герман Цітоў. Ён запрасіў жыхароў ахвяраваць грошы ў спецыяльныя скарбонкі, устаноўленыя на сцэне. У час выступленняў гледачы падыходзілі і падыходзілі, каб пакласці грошы.

Паміж выступленнямі Германа Цітова і Аляксандра Патліса ў канцэрце прымалі ўдзел цыркавая студыя “Сонейка”, эстрадны калектыў “Аіда”, Андрэй Карпенка, спявак з Расіі Фуад і інш. Пад адну з песень Аляксандра Патліса — “Сэрца ў далонях” — кобрынскі цыркавы гурток “Сонейка” падрыхтваў акрабатычны спектакль. А апошнюю песню гледачы сустракалі стоячы. Спявак запрасіў на сцэну дзяцей з залы і разам з усімі праспяваў свой новы хіт. Шмат хто выціраў слёзы.

Стоячы зала сустрэла і сям’ю Мацына: мужную маму, тату, бабулю і перабінтаваную Дашаньку.

— Мы выказваем вялікую падзяку ўсім вам, — стрымліваючыся, каб не заплакаць, ад імя сям’і выступіла мама дзяўчынкі Вольга. — Дзякуй усім спевакам, арганізатарам (дарэчы, арганізавалі канцэрт сёстры Вольгі), Палацу культуры, дзякуй усім вам! Дзякуй за вашыя добрыя сэрцы!

Настасся ЗАНЬКО.

Фота аўтара.

Аляксандр ПАТЛІС і Герман ЦІТОЎ:
“Дабрачыннасць – гэта частка жыцця”


Пра дабрачыннасць і адкрытыя сэрцы перад канцэртам у падтрымку дзяўчынкі-“матылька” з Кобрына Дашы Мацыны карэспандэнты “Кобрынскага весніка” размаўлялі з Аляксандрам Патлісам і Германам Цітовым.
— Як атрымалася так, што вы сталі ўдзельнічаць у гэтым канцэрце?


Герман Цітоў: — Мне напісала мая знаёмая кабрынчанка Ганна Масалава, якая паведаміла, што нашаму гораду патрэбна дапамога. Яна расказала мне гісторыю пра Дашу, маўляў, ёсць ідэя зрабіць канцэрт для кабрынчан, грошы з якога пойдуць на лячэнне дзяўчынкі. Я не мог не адгукнуцца і адразу згадзіўся.

Аляксандр Патліс: — Аналагічная сітуацыя. Таксама пазванілі знаёмыя, даслалі фотаздымак Дашы, пасля спасылкі на яе старонку ў інтэрнэце. Я прачытаў, паглядзеў відэа, прысвечанае ёй, вывучыў на медыцынскіх сайтах, што сабой уяўляе гэтая хвароба. І вось я тут. У сілу сваіх хрысціянскіх перакананняў магу сказаць: дабрачыннасць — гэта адна з самых галоўных спраў хрысцяініна. Ніхто з нас не ведае, у якой сітуацыі ён можа апынуцца.
— Як атрымалася, што такія рознапланавыя выканаўцы прымаюць удзел у канцэрце?
Аляксандр Патліс: — Наколькі я ведаю, Герман родам з Кобрына. Увогуле, вельмі добра, што ён вяртаецца сюды, дасягнуўшы нейкай папулярнасці, і падтрымлівае свой горад. Я родам з Гродна. І калі ў Гродне праходзяць нейкія добрачынныя канцэрты, я таксама ў іх удзельнічаю.
Герман Цітоў: — Той факт, што выканаўцы розныя, зусім не важна. Галоўнае, што мы сабраліся разам і зрабілі вось такую добрую справу.
— У якіх яшчэ дабрачынных акцыях вы ўдзельнічалі?
Аляксандр Патліс: — У мяне ёсць некалькі сваіх аўтарскіх праектаў. Адзін называецца “Я буду жыць”. Мы арганізоўваем канцэрты з беларускімі “зоркамі” для дзяцей, у якіх парок сэрца. Другі аўтарскі праект – “Чыстае сэрца”. З ім у мяне былі арганізаваны канцэрты ў Мінску і досыць вялікі тур па гарадах Беларусі. І за тыдзень да канцэрта былі прададзены ўсе білеты. Давялося арганізоўваць яшчэ адзін канцэрт. Я ўбачыў, што ў нашай краіне, дзякуй Богу, ёсць людзі, здольныя адгукацца на чужы боль і аказваць дапамогу. Наколькі мне вядома, на дабрачынны канцэрт у падтрымку Дашы білеты былі раскуплены за пяць дзён.
Герман Цітоў: — Я заўжды прымаю ўдзел у такіх мерапрыемствах, калі ёсць магчымасць.
— Аляксандр, якое ўражанне пакінуў Кобрын?
Аляксандр Патліс: — Я езджу не толькі па маленькіх гарадах, а часам нават па вельмі маленькіх. Так добра заўжды прымаюць! Што тычыцца Кобрына, то гэты горад я ведаю даўно. Тут шмат сяброў і знаёмых. Горад блізкі і цёплы для мяне. Дарэчы, хочацца падзякаваць усім кабрынчанам за добрыя сэрцы, за ўдзел.
Герман Цітоў: Здорава асэнсоўваць, што ў нашым горадзе столькі добрых і чулых людзей!

Настасся ЗАНЬКО,
Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота Ігара Сідарука


P.S. Ганарар за апублікаваны матэрыял журналісты газеты пералічаць на дабрачынны рахунак Дашы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

тут брокерская компания https://ffin.ru