В Кобрине состоялся финальный этап конкурса «Ученик года».

Калі б мяне запыталіся, які тып школьніка лепш за ўсё падпадае пад азначэнне лепшага вучня, я, прызнацца, наўрад ці змог бы хутка даць адказ. Таму што ўсе яны вельмі розныя – і кожны валодае сваімі непаўторнымі талентамі і здольнасцямі, якія, калі іх раскрыць, пачынаюць зіхацець нібыта каштоўны ізумруд… Менавіта таму задачу журы чарговага конкурсу “Вучань года”, фінальны этап якога нядаўна прайшоў у Кобрынскай школе мастацтваў, ніяк нельга было назваць лёгкай.
Партфоліа дасягненняў кандыдата на званне лепшага з лепшых, якое пасля вынікаў унутраных конкурсаў прадстаўлялі школы, павінна было ўтрымліваць дасягненні ў вучобе, у прадметных алімпіядах, конкурсах, турнірах, навукова-доследнай дзейнасці. Улічваўся і ўдзел у жыцці школы і класа, грамадскіх дзіцяча-юнацкіх арганізацый, дыпломы, граматы і многае іншае – усяго не пералічыць. Такая шматвектарнасць падыходу тлумачыцца вельмі проста – жаданнем скласці як мага больш поўнае ўражанне аб асобах усіх прэтэндэнтаў. Пасля рэйтынгавага этапа – вывучэня партфоліа — кандыдатаў чакала інтэлектуальнае тэсціраванне, якое павінна было вызначыць агульны ўзровень эрудыцыі вучняў.
У фінал конкурсу выйшлі шэсць прэтэндэнтаў, якія паспяхова прайшлі ўвесь шэраг папярэдніх выпрабаванняў. Трэба адзначыць, што канкурсантаў ацэньвалі як дарослыя, так і школьнікі, якія складалі другую частку журы. Удзельнікам фіналу патрэбна было прадставіць своеасаблівую самапрэзентацыю, у якой прымалі ўдзел як самі канкурсанты, так і іх бацькі, сябры і настаўнікі, прыняць удзел у конкурсе-сюрпрызе на выказванне па вызначанай тэме, а таксама прадставіць на суд гледачоў відэаролік сацыяльнай рэкламы на тэму “Маладое пакаленне – за рэсурсазберажэнне”.


Хацелася б з задавальненнем адзначыць, што абсалютна ўсе канкурсанты прадэманстравалі шматгранныя здольнасці і вялікую волю да перамогі – вусныя выказванні ішлі, што называецца, “ад душы”, а відэаролікі нікога не пакінулі абыякавым. Застаецца толькі парадавацца, што для маладога пакалення пытанні жыцця і развіцця нашага грамадства з’яўляюцца важнымі і значнымі. Будзем спадзявацца, што ва ўсіх гэтых таленавітых юнакоў і дзяўчынак атрымаецца рэалізаваць свае планы і пакінуць след у гісторыі нашай Кобрыншчыны.
Можна сказаць з упэўненасцю: усе тыя, хто дайшоў да фіналу гэтага конкурсу, ужо з’яўляюцца лепшымі. Таму што менавіта ў шматбаковым развіцці, якое прадэманстравалі ўсе ўдзельнікі конкурсу, і заключаецца сакрэт станаўлення шматграннай і творчай асобы. Без узнагарод – кожны ў сваёй намінацыі — не застаўся ніхто. Аднак у кожным конкурсе ёсць свае пераможцы — пасля нялёгкай барацьбы тытул “Вучань года” падзялілі паміж сабой Кірыл Сакалоў з СШ №9 і Марына Мельніковіч (СШ №7).
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *