Лепшым бізнесменам Кобрыншчыны – дыпломы і кветкі!

З выдатным настроем і шчырымі ўсмешкамі ў мінулы чацвер уваходзілі ў малую залу райвыканкама прадстаўнікі мясцовай бізнес-эліты. Па традыцыі яны прынялі ўдзел у цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў раённага конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2012 года”.

Як адзначыў у прывітальным слове старшыня райвыканкама Мікалай Кенда, на Кобрыншчыне прыватная справа знаходзіцца ў працэсе дынамічнага развіцця.

Па стане на 1 студзеня 2013 года ў раёне вядуць свае справы 676 юрыдычных асоб і 2397 індывідуальных прадпрымальнікаў, 63 сялянска-фермерскія гаспадаркі. Летась бізнесменамі створаны 1272 новыя рабочыя месцы, зарэгістраваны 106 новых прадпрыемстваў і 446 прадпрымальнікаў. Усяго ж звыш 13 тысяч чалавек задзейнічана ў малым і сярэднім бізнесе, што складае больш за трэць ад усяго эканамічна актыўнага насельніцтва раёна.

Дзякуючы дзелавой ініцыятыве многіх кіраўнікоў прадпрымальніцкіх структур удаецца ўтрымліваць годную сярэднямесячную зарплату, а іх работнікі забяспечваюцца поўным сацыяльным пакетам. “Чырвонай ніткай” праз выступленне кіраўніка райвыканкама прайшоў зварот, адрасаваны чыноўнікам, якія курыруюць прадпрымальніцкі сектар Кобрыншчыны: падтрымліваць і рэалізоўваць рацыянальныя ідэі і праекты бізнесменаў. Гэта правіла павінна быць узята за аснову ў рабоце перш за ўсё з інвестарамі. Усяго на Кобрыншчыне дзейнічаюць 53 прадпрыемствы з замежным капіталам.

Лепшым прадпрымальнікам па аб’ёму экспарту на аднаго работніка стала ТАА “Амега Тэкс”. У намінацыі “Лепшы прадпрымальнік-арганізатар новых рабочых месцаў” перамагло ТАА “Фабрыка гафракардоннай упакоўкі”. У сферы вытворчасці прамысловых тавараў лепшых вынікаў дасягнула ПВБУП “АканітПлюс”. ПГУП “Ідэя-Мэбля” – лідар у сферы рознічнага гандлю. У сферы будаўнічай дзейнасці перамагло ТАА “Будаўнічая кампанія Спектр”. Лепшым прадпрыемствам у сферы грамадскага харчавання стала ПВУП “ДыскаверыГрупп”.  Лепшым індывідуальным прадпрымальнікам сярод моладзі стаў дырэктар фірмы “Камп’ютарСэрвіс” Сяргей Панасюк, які разам з родным братам Якавам ажыццяўляюць продаж, рамонт і абслугоўванне персанальных камп’ютараў.

Лаўрэатамі конкурсу прызнаны кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Спаравец” Сяргей Спаравец, ПТУП “Цэнтр-тур”, ПСУП “Дэка-Плюс”, ПГУП “Экаклімат” і СТАА “Кьюта”. Лепшыя бізнесмены атрымалі з рук Мікалая Кенды дыпломы і кветкі.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *