В Кобринском лицее сферы обслуживания прошёл фестиваль художественного творчества «Арт-Виват».

Здавалася б, што агульнага можа быць у будучых аператараў ЭВМ, швачак, афіцыянтаў, камплектоўшчыкаў цацак з танцамі, песнямі і тэатральнай дзейнасцю? Між тым, як паказаў пачатак абласнога фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “Арт-Віват”, у якім прынялі ўдзел і кабрынчане, сённяшнія навучэнцы прафесійных устаноў адукацыі не толькі ўпэўнена ідуць да выбару будучай прафесіі – але і не забываюць пра развіццё сваіх здольнасцяў і пра самарэалізыцыю ў іншых сферах. Мы сустрэліся з членамі журы фестывалю ў Кобрынскім дзяржаўным ліцэі сферы абслугоўвання, які не першы год славіцца сваім паспяховым удзелам у конкурсах самага разнастайнага ўзроўню.


— Бывае так, што вось на такіх адборах запальваюцца сапраўдныя “зорачкі”, якія потым атрымліваюць зусім новую пуцёўку ў жыццё, — расказвае старшыня журы дырэктар Дома навучэнцаў і работнікаў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці Таццяна Валявач. – Фестываль праходзіць у рамках рэспубліканскага мастацкага конкурсу “Арт-вакацыі-2013”. Галоўная мэта – адбор таленавітай моладзі, якая будзе прымаць удзел у абласным канцэрце, што адбудзецца 9 красавіка. На ім, у сваю чаргу, будуць адбірацца ўдзельнікі для таго, каб прадстаўляць усю Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім конкурсе, які адбудзецца ў маі ў Магілёве.
Перад ліцэем сферы абслугоўвання камісія паспела наведаць каледж будаўнікоў і мастацкі каледж. Як адзначыла Таццяна Валявач па выніках агляду, можна сказаць з упэўненасцю — узровень цікавасці да творчасці сярод моладзі прафесійных навучальных устаноў нязменна застаецца на высокім узроўні.


Гэта выдатным чынам пацвердзілі і навучэнцы ліцэя сферы абслугоўвання, якія прадставілі на суд журы самыя разнастайныя прыклады таго, якім чынам можна развіваць свае здольнасці. Імправізаваныя сцэнкі, сучасныя і народныя танцы, песні розных часоў, пластычныя эцюды, модныя дэфіле, нумары арыгінальнага жанру не пакінулі раўнадушнымі нікога – і падаравалі ўсім прысутным выдатны зарад пазітыўнай энергіі. Своеасаблівай кульмінацыяй вечара стала сумеснае выступленне ліцэістаў з хорам ветэранаў Палаца культуры, якое найлепшым чынам пацвердзіла: творчае развіццё тут вядзецца ў цесным узаемадзеянні з патрыятычным выхаваннем. А побач з залай, у якой праходзіў адборачны канцэрт, усе жадаючыя мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай, дзе былі прадстаўлены экспанаты самых розных накірункаў – ад стыльных мадэляў адзення, выкананых рукамі навучэнцаў ліцэя, да багата аздобленых ручнікоў, вышыванак і многага іншага.
Як неаднаразова падкрэслівалася ў ходзе мерапрыемства, арыгінальнымі і цікавымі былі ўсе нумары, прадстаўленыя на конкурс, — так што работу журы ніяк нельга было назваць простай. Будзем спадзявацца, што тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ўсё ж-такі будуць прызнаны лепшымі, добра пакажуць сябе і на далейшых этапах фестывалю, дзе дастойна абароняць гонар сваёй навучальнай установы і ўсёй нашай Кобрыншчыны.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *