На СТАА “ПП Палессе” мадэрнізацыя праводзіцца па сусветных стандартах.

Вынікам плённай працы калектыву СТАА “ПП Палессе” ў 2012 годзе стала пашырэнне рынкаў збыту сваёй прадукцыі. Па стане на 1 лютага 2013 года колькасць пакупнікоў павялічылася. Цяпер у ліку партнёраў значацца бізнесмены з Чылі, Мексікі і Кыргызстана. Кобрынскія цацкі пастаўляюцца ў 30 краін свету. Летась у працэсе ўдзелу ў міжнародных выставах дзіцячай цацкі ў Нюрнбергу (Германія) і Маскве калектыў быў удастоены высокіх адзнак калег. Як сведчыць інжынер па ахове працы СТАА “ПП Палессе” Алег Сцепанішчаў, усё гэта — сведчанне сукупнага эфекту ад планавай мадэрнізацыі вытворчасці, узважанай кадравай палітыкі, мерапрыемстваў эканоміі і беражлівасці. Менавіта з гэтых важных рэчаў і складаецца падмурак стратэгіі дынамічнага развіцця прадпрыемства.

Нібыта экспанат музея, у вытворчым цэху выстаўлены адзін з дзесяці самых першых станкоў “Палесся”. У 1998 годзе на ім цалкам выкарыстоўвалася ручная праца. Вядома, што цяпер у гасцей і супрацоўнікаў прадпрыемства гэты “дыназаўр” выклікае ўсмешку. Параўноўваць тагачасную матэрыяльна-тэхнічную базу і сённяшнюю не прыходзіцца. Так, напрыклад, у 2012 годзе на “Палессі” за кошт абаротных сродкаў і банкаўскіх крэдытных рэсурсаў былі набыты новыя тэрмапластаўтаматы аўстрыйскай фірмы “ЕNGEL”, якія прыйшлі на змену кітайскім. Такія станкі адрозніваюцца надзейнасцю, высокай прадукцыйнасцю. Яны аснашчаны не толькі праграмным кіраваннем, але і пікерамі (механічная “рука”). Таксама набыты  станкі нямецкіх фірмаў “DEMAG” і “ARBYRG”, на якіх  усталяваны робаты французскай фірмы “WITMAN”. Вопытныя ліцейшчыкі пластмасы “Палесся” Міхаіл Аўчыннікаў і Юрый Вашчук, якія працуюць на станку “Еngel”, параўноўваюць яго з камфартабельнай іншамаркай прэміум-класа, кіраваць якой  — адно задавальненне.

Спецыяльная пнеўмазагрузачная сістэма нямецкай фірмы “Коsh” самастойна загружае неабходную колькасць сыравіны, вылічваючы яе літаральна да грама. А раней работнікі выконвалі гэта ўручную, ажыццяўлялі складаныя падлікі. Таксама ў 2012 годзе набыта імпартнае абсталяванне для вырабу буйнагабарытных пластыкавых дэталяў для дзіцячых квадрацыклаў і матацыклаў і тавараў бытавога прызначэння.

Алег Сцепанішчаў сведчыць, што ўсё новае абсталяванне, якое было ўстаноўлена на “Палессі”, бяспечнае, высокапрадукцыйнае і ў той жа час эканамічнае. У вытворчым цэху ўсталявана сістэма кандыцыянавання і рэкупірацыі цяпла, якое ідзе ад станкоў і агрэгатаў, што дазваляе сэканоміць яшчэ і на ацяпленні.

Побач з асноўным будынкам прадпрыемства поўным ходам сваімі сіламі і з удзелам будаўнікоў з заходнееўрапейскіх краін вядзецца ўзвядзенне новага буйнога завода, вытворчасць якога таксама будзе адпавядаць сучасным сусветным стандартам.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: ліцейшчыкі пластмасы “Палесся” Міхаіл Аўчыннікаў (злева) і Юрый Вашчук ля новага станка “Еngel”.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *