В Кобрине отходам найдут применение.

А вы ведаеце, што на палігонах Кобрынскага раёна ўжо назбіралася каля 400 тысяч тон адходаў? Па плошчы гэта каля 57 футбольных стадыёнаў. І колькасць гэтага смецця з кожным годам усё больш і больш. Забруджваецца навакольнае асяроддзе. Пры гэтым у Беларусі выкарыстоўваецца толькі 13% другасных рэсурсаў, у той час, як у краінах Еўропы – 60%. Аднак, аказваецца, спыніць гэты разбуральны працэс можам і мы з вамі.

Кобрыну пашчасціла ў пачатку мінулага года далучыцца да сумеснага праекта ЕС і ПРААН “Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”.

Нагадаем, што ў межах праекта наш горад ужо атрымаў 600 кантэйнераў і чатыры смеццявозы, а таксама сучасны бульдозер для палігона.

Праект ЕС і ПРААН вельмі маштабны. Акрамя таго абсталявання, якое атрымаў горад, плануецца яшчэ праектаванне новаго полiгона, закупка смеццявозау, новай лініі сартавання, а таксама больш магутнага і сучаснага прэса. І калі існуючы прэс сёння сціскае смецце ў цюкі вагой каля 40 кілаграмаў, то новы будзе сціскаць іх у тыя ж па аб’ёму цюкі, але вага іх стане 250 кілаграмаў. Менавіта такія цюкі ўжо можна экспартаваць. І кошт іх, адпаведна, вырастае ў разы, што становіцца больш прыбытковай справай.

— Гэтыя амбіцыёзныя планы могуць і не здзейсніцца без падтрымкі гараджан, — лічыць тэматычны кансультант праекта Іна Ермаковіч. — Як паказвае практыка, зараз неэфектыўна збіраць смецце ўсё разам, а пасля яго сартаваць. Найбольш эфектыўны шлях – спачатку раздзяляць адходы па розных кантэйнерах. Для таго, каб павысіць узровень інфармаванасці і зацікаўленасці насельніцтва ў асобным зборы адходаў мы распачалі інфармацыйную кампанію. Праходзяць сходы, на якіх тлумачым, што ў горадзе з’яўляюцца і з’явяцца новыя кантэйнеры чатырох відаў: для паперы, шкла, пластыку і для астатніх адходаў, як імі правільна карыстацца.

Усё вельмі проста, літаральна праз некаторы час усе 600 кантэйнераў для раздзельнага збору смецця будуць усталяваны ва ўсіх кутках горада. Ужо зараз ёсць кантэйнеры для пластыку і шкла. Дзе-нідзе з’явіліся кантэйнеры і для паперы. Для таго, каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць другасныя рэсурсы, трэба ведаць некаторыя нюансы іх раздзялення.

— У кантэйнеры з надпісам “Папера” можна кідаць газеты, часопісы, рэкламныя лістоўкі, кардон, каробкі, папяровыя пакеты. Нельга кідаць сюды ўпакоўкі “Тэтра-Пак”, паперу для факса, тэрма- і фотапаперу, а таксама шпалеры, — кажа Іна Ермаковіч. — У кантэйнеры для шкла можна кідаць шкляныя бутэлькі, слоікі і аконнае шкло. Аднак катэгарычна забаронена кідаць туды аўтамабільнае шкло і люстэркі.

Што тычыцца кантэйнераў для пластыку, то ў іх можна кідаць пластыкавыя бутэлькі і ўпакоўкі ад бытавой хіміі, аднаразовы посуд, плёнку, пластмасу.

Катэгарычна забаронена выкідваць у такія кантэйнеры ўпакоўкі “Тэтра-Пак”, дзіцячыя падгузнікі, металізаваную плёнку, пластыкавыя электронныя прыборы, кабелі і цацкі.

Настасся ЗАНЬКО.

Цікава ведаць

Колькі жывуць адходы?

Білет на праезд — 3-4 тыдні.

Ануча баваўняная — 5 месяцаў.

Шэрсць — 1 год.

Кансервавая бляшанка — 10 гадоў.

Бляшанка з-пад піва — 200 гадоў.

Поліэтыленавы пакет — 200 гадоў.

Пластыкавая бутэлька — 450 гадоў.

Шкляная бутэлька — 100000 гадоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *