Бліц-апытанне “Кобрынскага весніка”. П’яны за рулём: злачынства і пакаранне


Толькі за студзень бягучага года на Кобрыншчыне супрацоўнікамі АДАІ Кобрынскага РАУС было затрымана 26 чалавек, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення. Не з’яўляюцца рэдкасцю выпадкі, калі адны і тыя ж людзі адзначаюцца ў спісах аматараў п’яных паездак некалькі разоў на працягу года… Іх не спыняюць ні штрафы, ні адказнасць, ні пагроза, пад якую яны ставяць сваё жыццё — і жыццё тых, хто побач з імі.
Што рабіць у гэтай сітуацыі? Як змагацца з нецвярозымі вадзіцелямі – кожны з якіх у любы момант можа стаць прычынай трагедыі? З сённяшняга апытання мы даведаемся, што думаюць наконт гэтай праблемы кабрынчане.
Сяргей БЫЧКОЎСКІ, начальнік АДАІ Кобрынскага РАУС:
— Паводле даных статыстыкі, прыкладна кожны дзясяты з тых, хто быў затрыманы за кіраванне транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане, паўторна на працягу года ажыццяўляе такое ж самае парушэнне. Гэта – паказчык таго, што існуючыя меры ўздзеяння носяць недастатковы характар. Дарэчы, зараз пытанне якраз разглядаецца на заканадаўчым узроўні. Так, Дзяржаўтаінспекцыяй уносяцца прапановы аб павышэнні адказнасці нецвярозых вадзіцеляў – аж да канфіскацыі транспартных сродкаў у выпадку паўторнага парушэння на працягу года. Якімі канкрэтна будуць змены, пакажа час, але відавочна, што праблема патрабуе вырашэння.
Мікалай ПРЫХОЖКА, вадзіцель філіяла “Аўтапарк №16 г. Кобрына”:
— У маім жыцці быў выпадак, калі нецвярозы вадзіцель выехаў на мяне, што называецца, лоб у лоб. Шчасце, што ў той раз абышлося без ахвяр – пацярпела толькі тэхніка. Што ж датычыцца мер уздзеяння, то, на мой погляд, сёння за затрыманне п’янага за рулём аўто першы раз пакаранне і так з’яўляецца дастаткова строгім. Але зусім іншая справа, калі чалавек затрымліваецца ў нецвярозым стане паўторна ці ўвогуле некалькі разоў за год. Значыць, для яго такія паводзіны — не выключэнне з правілаў, не адзіночны выпадак — а лад жыцця. І давяраць аўтамабіль такому ўжо проста небяспечна – рана ці позна ён даездзіцца да бяды. Думаю, у такіх выпадках правільным будзе пажыццёвае пазбаўленне права кіравання.
Яўген ДАЦУК, галоўны інжынер ААТ “Стрыгава”:
— Па-першае — на маю думку, павінна быць цвёрдая сістэма пакаранняў – напрыклад, калі гэта штраф, то няхай бы ён быў аднолькавы для ўсіх. Другая сітуацыя – калі п’яны вадзіцель стаў прычынай дарожна-транспартнага здарэння. У такім выпадку ён, на мой погляд, павінен адказваць, што называецца, па поўнай праграме – і ў поўнай меры кампенсаваць усе магчымыя затраты. Ну а што датычыцца катэгорыі так званых “сістэмшчыкаў” – тых, хто сядае за руль у нецвярозым стане раз за разам, то тут усё відавочна. Трэба знаходзіць метады, каб трымаць такіх людзей на адлегласці ад аўтамабіля.
Аліна СТАРАДУБЦАВА, урач-нарколаг Кобрынскай ЦРБ:
— Для таго, каб у поўнай меры ацаніць наступствы кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, трэба хаця б адзін раз убачыць, чым заканчваюцца дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам п’яных вадзіцеляў. На мой погляд, сёняшняя сістэма пакаранняў з’яўляецца абсалютна недастатковай. І пацвярджае гэта сама наяўнасць тых, хто сядае за руль у п’яным выглядзе паўторна, ужо маючы за плячамі такое правапарушэнне. Упэўнена – пакаранне павінна быць такім, каб пасля яго ніколі не ўзнікла нават думкі аб тым, каб яшчэ раз сесці за руль у нецвярозым стане. Улічваючы небяспеку, якую п’яны вадзіцель стварае для ўсіх, хто знаходзяцца на дарогах, асабіста мне нават пазбаўленне волі для такіх людзей не здаецца занадта строгім пакараннем.

Запісаў Дзмітрый Бялоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *