Уладзімір ЧЫКВІН: “А творчае жыццё ўсё ў плённай працы”

    …Стомлены за напружаны працоўны дзень Уладзімір Чыквін вырашыў раней адправіцца адпачываць. Заснуць удалося практычна адразу ж. А ноччу ён убачыў не вельмі прыемны сон. Спачатку дзесьці ўдалечыні пачулася музыка, якую Уладзімір ніколі не чуў. Матыў быў надзвычай падобны на стыль Вівальдзі. І вось ён раптоўна ўбачыў самаго сябе. Цела ляжала нерухома.
    — Магутны Божа, няўжо я памёр?.. — імкліва пранеслася ў думках Уладзіміра Мікалаевіча. І першае пачуццё, якое ахапіла яго, была не паніка, шок, а шкадаванне. Заўтра, раніцой, на ўзыходзе сонца, калі паветра яшчэ не такое гарачае, пад кронамі клёна трэба было завяршыць некалькі распачатых работ. На бліжэйшую будучыню быў запланаваны шэраг праектаў, якія неабходна ажыццявіць. І ўсё гэта вось так, у адно імгненне, перакрэсліваецца…
    Уладзімір Мікалаевіч расплюшчыў вочы. З адкрытай форткі яго разбудзіў шчэбет птушак. Радасць ахапіла сэрца. Гэта сон. Усяго толькі сон!..
    Узяўшыся за інструмент, майстар пачаў рэзаць мяккую фактуру з ліпы. Неяк сам сабою ўзгадаўся начны выпадак. І ўспаміны аб мінулым, нібыта кадры архіўнай кінахронікі, пабеглі перад вачамі.
    Белавежская пушча. Камянецкі раён. Валодзя яшчэ невялікі хлопчык. Ён стаіць у простым сялянскім адзенні сярод сваёй роднай вёсачкі Дзмітровічы, чакае лепшых сяброў, каб адправіцца ў невялікае падарожжа па дзівосных мясцінах, пабачыць і пабываць у чароўных пушчанскіх кутках, якія амаль не кранулі людзі. У кішэні, як і заўсёды, ягоны невялікі востры сцізорык.
    У лесе рабяты праводзілі шмат вольнага часу. Асабліва любілі выразаць з дрэва штосьці прыгожае. Напрыклад, кожны сялянскі хлапчук з маленства мог зрабіць невялікі кош з лазы. А як вядома, беларуская бульба і да гэтай пары ў вёсцы ніколі не збіраецца ў вядро. Валодзя стаў сур’ёзна захапляцца разьбой па дрэве. І гэта атрымлівалася неяк спрытна. Аднавяскоўцы адразу ж запрыкмецілі яго талент. Заахвочвалі занятак сына і бацькі, якія былі працавітымі людзьмі. Маці нядрэнна малявала, бацька меў шмат прафесій. На сяле міжволі станеш майстрам на ўсе рукі. Дзядуля Пятро ладна майстраваў санкі, лыжы. Валодзя спачатку марыў стаць лесніком, паколькі быў закаханы ў беларускую прыроду, але выбраў усё ж такі рамяство рэзчыка па дрэве. Сваю першую сур’ёзную работу ён зрабіў спецыяльна для раённай выставы народнай творчасці ў Камянцы. Гэта была фігура звычайнага сяляніна. Дарэчы, праз дзесяць гадоў драўляная выява знайшла мастака і стала своеасаблівым напамінам аб пачатку творчай кар’еры.
    Пасля заканчэння школы юнак без перашкод паступіў у Віцебскі педагагічны інстытут ім. Кірава на мастацка-графічнае аддзяленне. У працэсе навучання высветлілася, што Уладзімір не толькі добра выконвае практыкаванні з дрэвам, але і ўпэўнена, ярка, з асобым каларытам малюе. Пасля заканчэння ВНУ яго запрасілі выкладчыкам у Кобрынскі дзяржаўны мастацкі каледж, потым у парк імя А. В. Суворава мастаком–афарміцелем.
    Уладзімір Мікалаевіч заўсёды імкнуўся максімальна поўна спасцігнуць родную беларускую культуру, яе вытокі і традыцыі. Ён ужо шмат гадоў вядзе навукова-даследчую работу. Займаецца вывучэннем гісторыі паходжання і развіцця традыцыйнага беларускага драўлянага посуду.
    З цягам часу гэтыя рэчы замянілі пластыкавыя, металічныя, шкляныя ці фарфоравыя вырабы. Але яны не маюць такіх цікавых уласцівасцяў, як натуральныя. Памятаеце славутую лыжку з гарачай кашай, якая ніколі не апячэ губы? А коўш у форме качкі, што плавае па паверхні вады, з якога так прыемна напіцца ў спякотны дзень? Гэта толькі кропля з вялікага асартыменту, які выраблялі нашыя продкі. Рамёствы і творчасць у крыві сапраўдных беларусаў. Як прыемна тое, што ў наш час лепшыя традыцыі старажытных майстроў, як і нацыянальная мова, касцюмы, пачынаюць паступова адраджацца і займаць сваё належнае месца ў нашай штодзённай культуры!
    Важны этап у працы майстра — падбор патрэбнай драўніны. Так, напрыклад, для посуду трэба падбіраць толькі алешыну, бярозу, асіну ці таполю. Гэтыя пароды валодаюць сваімі ўласцівасцямі, менш зношваюцца. Вялікія скульптуры вырабляюцца ў асноўным з мяккай і лёгкай ліпы. Уладзімір стараецца не пашкоджваць здаровыя дрэвы для сваіх вырабаў. Нядаўнія моцныя вятры наламалі шмат дрэў, у тым ліку і тых, якія цудоўна падыходзяць для работы народных майстроў. І вось, узброіўшыся звычайнай тачкай і нажоўкай, Уладзімір Мікалаевіч набірае патрэбны матэрыял. Здараюцца рэдкія выпадкі, калі майстрам прыходзіцца ўсё ж такі спілаваць жывое дрэва. Аднак спачатку сапраўдны прафесіянал прачытае спецыяльную малітву перад дрэвам і папросіць прабачэння. Гэтая традыцыя выконваецца свята.
    Цяпер пад эгідай метадычнага цэнтра ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама рыхтуецца да выдання навукова-метадычны альманах Уладзіміра Чыквіна, папярэдні варыянт якога мае назву “Берасцейская драўляная лыжка”. Альманах будзе добра праілюстраваны, насычаны аўтарскім арыгінальным матэрыялам, прысвечаным у тым ліку і кошыкам, куфэркам, абрадавым прадметам, сувенірам і інш. Работа разлічана на шырокую аўдыторыю — ад аматараў народнай творчасці да прафесійных майстроў.
    Важную частку ў дзейнасці Уладзіміра Чыквіна займае ўдзел у выставах. Кабрынчанін лічыць, што самымі значнымі і адказнымі з’яўляюцца тыя творчыя мерапрыемствы, якія прысвечаны памяці калег і сяброў. У музеі імя А. В. Суворава з вялікім поспехам праводзілася выстава, прысвечаная прафесійнаму мастаку Мікалаю Шулякоўскаму, які ў апошні час жыў у Мінску. За сваё жыццё ён ажыццявіў нямала цудоўных задумак, увайшоў у гісторыю культурнай Беларусі, як адданы, таленавіты прафесіянал і патрыёт сваёй Радзімы. Усяго ж за кар’еру Уладзіміра Чыквіна было вялікае мноства выстаў — не толькі раённых, абласных, рэспубліканскіх, але і міжнародных. І заўсёды эксперты еўрапейскага класа адзначалі высокі ўзровень якасці і глыбіню рэалізаваных задумак, найбольш поўнае разуменне сапраўдных, непахісных традыцыйных ісцін беларускай духоўнай і гістарычнай спадчыны.
    Своеасаблівым экзаменам для любога майстра з’яўляецца ўдзел у творчых пленэрах. Мэта гэтых мерапрыемстваў – за адведзены час дзесьці на выездзе на свежым паветры пад уплывам мясцовасці, першых уражанняў ці па спецыяльна вызначанай тэме стварыць арыгінальную скульптуру ці рэч з дрэва. Лепшыя работы майстроў упрыгожваюць тыя ці іншыя населеныя пункты як Беларусі, так і блізкага і далёкага замежжа.
    У чэрвені Уладзімір Чыквін быў у Бярозаўскім раёне, дзе ў в. Пескі праводзіўся творчы пленэр, прысвечаны жыццю і дзейнасці вядомага магната, чалавека, які ўнёс значны ўклад у развіццё свайго краю, графа Пуслоўскага. Ён валодаў некалькімі невялікімі прадпрыемствамі. Кобрынскаму майстру далі заданне стварыць выяву Пуслоўскага ў дрэве.
    У Іванаўскім раёне праводзіўся пленэр памяці вядомага беларускага мастака, кампазітара, дзеяча мастацтваў Напалеона Орды. У Івянцы, што на Міншчыне, мастакі ўдзельнічалі ў святочных мерапрыемствах памяці славутага разьбяра па дрэве Пларыяна Пупко, які пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну. Лёс у гэтага чалавека быў пакутніцкім. У вайну яго некалькі разоў прыгаворвалі да смяротнай кары немцы, але дзякуючы Волі Божай, дасведчанасці і вопыту Пларыяну ўдавалася ўратаваць сябе. Ён быў звычайным школьным настаўнікам, а прыродны талент мастака змераць было проста немагчыма.
    Прыемныя ўражанні прывёз у Кобрын Уладзімір з Вілейскага пленэра памяці Уладзіміра Субача – мясцовага дзеяча культуры.
    Сёлета ў межах святкавання Дня Незалежасці ў Мінску разгарнуўся штогадовы фестываль народных рамёстваў. Толькі з Брэсцкай вобласці ў гэтым цікавым мерапрыемсве прынялі ўдзел 342 майстры, у тым ліку і Уладзімір Чыквін.
    Гіганцкая выстава каля Палаца спорту прывабіла шматлікіх наведвальнікаў. Дарэчы, прадстаўнікі Брэстчыны па выніках фэсту атрымалі найбольшую колькасць прызавых месцаў у розных намінацыях.
    У вёсцы Вержбіца, што ў Люблінскім ваяводстве (Польшча), Уладзімір Мікалаевіч ужо шаноўны госць. Яго чацвёрты год запрашаюць сюды на творчыя агульнапольскія пленэры. Сёлета было юбілейнае, 10-е мерапрыемства, на якім дэманстравалі ўзровень свайго майстэрства не толькі прадстаўнікі Польшчы, але і Беларусі, Украіны.
    — Атмасфера была вольнай, творчай. Не існавала моўных ці іншых бар’ераў, — распавядае Уладзімір Чыквін. Сустрэлі нас даволі гасцінна, па-роднаму. Прыемна тое, што палякі на сучасым этапе развіцця імкнуцца ізноў вярнуцца да сваіх этнічных славянскіх каранёў, культываваць этнас і народныя рамёствы.
    Майстры працавалі каля мясцовай школы, касцёла. І кожны раз да іх прыходзілі сяляне. Яны цікавіліся незвычайнымі творамі, пакінулі шмат пазітыўных водгукаў і падзяк, паколькі скульптуры талентаў Брэстчыны сталі сапраўдным упрыгажэннем польскай вёскі. У жніўні Уладзіміра Чыквіна запрасілі на чарговы міжнародны пленэр у Люблінскае ваяводства – на граніцу з Украінай, дзе маляўнічая прырода стварае цэлы букет цікавых тэм.
    Натхненне, як вядома, крочыць побач з плённай, штодзённай працай. Так лічыць і кобрынскі майстар. Днём, ноччу, раніцай і вечарам, у любую пару года ён знаходзіцца ў творчым пошуку, аналізуе тыя ці іныя ўражанні, імкнецца знайсці цікавае ў навакольным асяроддзі, каб потым праз прызму абстрактнага мыслення стварыць канчатковы вобраз.
    Сёння Уладзімір Мікалаевіч, як ён сам адрэкамендаваўся, вольны мастак. Працуе выключна пад заказ. Ёсць у яго і адказная грамадская пасада. З 2005 года ўзначальвае абласное аддзяленне Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Дарэчы, на Кобрышчыне членамі гэтай арганізацыі з’яўляюцца два чалавекі — ён і таленавітая дзівінчанка, майстар саломапляцення Юлія Піваварава. Надзвычай яркія работы атрымліваюцца ў разьбяра па дрэве Вячаслава Дародзькі з в. Барысава, вышывальшчыцы і майстра саломапляцення Наталлі Клімук.
    Паводле слоў Уладзіміра Чыквіна, у нашым раёне ёсць магчымасці для правядзення пленэраў міжнароднга ўзроўню. Майстар мае пэўныя дамоўленасці з ўладальнікамі аграэкасядзібы “На Зарэчнай вуліцы” Алай і Сяргеем Палікарпукамі, якія гатовы прадаставіць неабходныя ўмовы.
    У сям’і Чыквіных з павагай ставяцца да прафесіі Уладзіміра.
    — Калі ёсць надзейны тыл, разуменне, то любая справа абавязкова атрымаецца, жыццё будзе насычана радасцю, а планы здейсняцца, — упэўнены народны майстар.
    Раман МЕЛЬНІК.
    Фота з архіва Уладзіміра ЧЫКВІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *