В Кобрине состоялся концерт рождественских программ и православных песнопений «Звезда Рождества».

Святочны настрой у гасцей пачаў стварацца яшчэ ў фае Палаца культуры, дзе была арганізавана калядная выстава “Арт-ёлка”. Тут былі прадстаўлены дэкаратыўныя ёлкі з разнастайных матэрыялаў: у выглядзе выцінанкі з паперы, тканіны, выразаныя з дрэва і шмат іншых.

Глядзельная зала была перапоўнена. Святочная праграма, якая была разлічана не на адну гадзіну, яшчэ раз даказала, што праваслаўе займае важнае месца ў жыцці нашых людзей. Аб гэтым гаварыў са сцэны ў сваёй віншавальнай прамове і намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык. Шаноўнымі гасцямі свята былі таксама благачынны цэркваў Кобрынскай акругі Багдан Хама, старшыня аддзела культуры райвыканкама Надзея Жук, прадстаўнікі духавенства раёна.

Калі ў мінулым годзе ў святочную праграму ўваходзілі і нумары розных калектываў горада, то ў гэты раз яна была складзена толькі з выступленняў царкоўных хароў і выхаванцаў нядзельных школ. Паказаць сваё ўменне прыгожа выконваць калядныя песнапенні і падзяліцца святочнай радасцю з’ехаліся царкоўныя хары з праваслаўных прыходаў Дзівіна, Хабовіч, Осы, Гарадца, Лукі, Буховіч і іншых вёсак. Кобрын прадстаўлялі хары Свята-Мікалаеўскай, Свята-Георгіеўскай цэркваў, Свята-Аляксандра-Неўскага сабора і іншыя. Акапэльнае выкананне харыстаў разлівалася па зале, запаўняючы прастору духоўнасцю, пачуццём радасці.

Прыемна было тое, што шмат песнапенняў гучала ў выкананні выхаванцаў нядзельных школ цэркваў не толькі горада, але і раёна. Дзеці выконвалі як дзіцячыя творы, так і даволі сур’ёзныя песнапенні, якія гучаць падчас богаслужэнняў у храмах.

Выконваліся таксама вершы на калядную тэму. Вельмі прыгожай атрымалася літаратурна-музычная кампазіцыя выхаванцаў нядзельнай школы Свята-Мікалаеўскай царквы Кобрына. Дзеці, пераапрануўшыся ў звяроў, елачку, валхвоў і анёлаў, расказалі гледачам гісторыю нараджэння Хрыста.

Святочная праграма атрымалася захапляючай, светлай, поўнай веры ў цуды і прынесла ўсім задавальненне.

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *