Ещё один детский дом семейного типа открылся в Кобрине.

Згадзіцеся, вялікая колькасць дзяцей — не такая ўжо частая з’ява ў сучасных сем’ях. І перад тым, як прыняць рашэнне аб папаўненні сям’і, большасць з нас дзесяць разоў узважыць усе “за” і “супраць”. Колькі ж любові ў сэрцы патрэбна мець, каб яе хапіла і на тых, хто волею лёсу застаўся без апекі біялагічных бацькоў?

Пяцёра такіх маленькіх грамадзян нядаўна атрымалі сваю новую сям’ю – у яшчэ адным дзіцячым доме сямейнага тыпу, які нядаўна адкрыўся ў нашым горадзе ў раёне былога ваеннага гарадка. Павіншаваць навасельцаў з’ехаліся прадстаўнікі Брэсцкага аблвыканкама, Кобрынскага райвыканкама, а таксама ўстаноў і арганізацый Кобрыншчыны.

— Любое дзіця павінна жыць у сям’і, і сёння такія дамы сямейнага тыпу будуюцца па ўсёй краіне, за кошт як бюджэтных сродкаў, так і з удзелам спонсарскай дапамогі, — расказвае начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Ціханчук. – Задача іх – даць магчымасць атрымліваць сямейнае выхаванне ўсім дзецям, якія зараз знаходзяцца ў інтэрнатных установах. І сёння мы сталі крышачку бліжэй да гэтай мэты – яшчэ некалькі дзяцей знайшлі сваю новую сям’ю.

Для Алены і Віктара Асіюк вялікая сям’я ніколі не здавалася чымсьці дзіўным. Яны ўпэўнены – дзяцей павінна быць многа. Але рашэнне стаць “прафесійнымі бацькамі” прыйшло не імгненна — канчатковую кропку ў ваганнях паставіў візіт у Дзівінскі дзіцячы дом.

— Ведаеце, немагчыма заставацца абыякавым, калі бачыш гэтых дзяцей, — разважае Алена Асіюк. – Калі яны глядзяць на цябе сваімі вачанятамі ды пачынаюць называць цябе мамай… здаецца, нешта зрушваецца ў самой душы. Так што цяпер яны ўсе – нашы: Вольга, Дзіма, Саша, Вова, Ваня, Паліна ды Віка.

І вось – уручаны сімвалічны ключ і памятныя падарункі, прагучалі віншаванні і пажаданні, і для ўсіх жыхароў гэтага дома пачынаецца новае жыццё — са сваімі радасцямі і цяжкасцямі. Але нашых бацькоў яны не палохаюць. Як адзначыла Алена Асіюк, для яе самым цяжкім будзе калі-небудзь развітвацца з гэтымі дзецьмі – калі для іх прыйдзе час уваходзіць у самастойнае жыццё… Будзем спадзявацца, што нават праз многія гады яны не забудуць дарогу ў гэты прыгожы і ўтульны дом і гэтых людзей — якія падзяліліся з імі цяплом сваёй душы.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *