У Кобрынскім раёне пасяліўся зубр. Яго можна ўбачыць у лясах паміж вёскамі Камень і Акцябр.

— Лёжку зубра мы знайшлі недалёка ад вёскі Рачкі, — расказвае начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерый Пракапюк.

Як высветлілася, зубр прыйшоў у Кобрынскі раён з Белавежскай пушчы. Спецыялісты запаведніка мяркуюць, што жывёлу маглі проста выгнаць са статка. Такое здараецца.

Зубр не стварае ніякай небяспекі для людзей. Гэта жывёла вельмі асцярожная: заўважыўшы людзей, зубр адыходзіць і ніколі не нападае першым.

— Таксама варта нагадаць, што зубр занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Прычыненне яму шкоды караецца законам, — заключыў Валерый Пракапюк.

Нагадаем, што ўсяго на планеце засталося каля пяці тысяч зуброў. Пры гэтым у нашай краіне іх каля тысячы.

Настасся ЗАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *