ЖКГ: ад «А» да «Я» Новы Жыллёвы кодэкс: даўжнікоў будуць высяляць

З сакавіка ў сілу ўступіць новы Жыллёвы кодэкс. Нас чакае шмат перамен у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Аднак самымі радыкальнымі яны будуць у дачыненні да даўжнікоў. Больш падрабязна пра гэта расказвае начальнік разлікова-даведачнага цэнтра КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Ганна МІРАНЮК.


— Ганна Уладзіміраўна, скажыце, якая ў горадзе і раёне сітуацыя з даўжнікамі?

— Зараз агульная запазычанасць перад камунальнікамі складае 130 мільёнаў беларускіх рублёў. І гэта без пені. Усяго ў спісе “даўжнікоў” у нас знаходзіцца 132 рахункі. Гэта тыя, у каго запазычанасць складае больш за тры месяцы. У кагосьці 200 тысяч рублёў, а ў кагосьці і некалькі мільёнаў. Спагнаць гэтыя грошы досыць цяжка. Мы маем права высяляць даўжнікоў з дзяржаўных кватэр толькі пры ўмове, што яны парушаюць правілы карыстання кватэрамі, утрымліваюць кватэру ў антысанітарным стане. Але за 10 гадоў маёй работы ў Кобрынскай ЖКГ быў толькі адзін выпадак, калі мы падавалі на высяленне жанчыны з кватэры за антысанітарныя ўмовы.

Што тычыцца прыватнага жылля, то тут увогуле мы нічога не маглі зрабіць.

— Што зменіцца, калі ў сілу ўступіць новы Жыллёвы кодэкс?

— Кодэкс дазваляе высяляць з кватэры пры наяўнасці запазычанасці большай за шэсць месяцаў. Падстава толькі адна – запазычанасць за шэсць месяцаў па жыллёва-камунальных плацяжах. І тут хачу звярнуць увагу на адзін нюанс. Запазычанасць за шэсць месяцаў зусім не азначае, што вы не заплацілі пяць месяцаў запар, пасля заплацілі за 1 месяц і потым зноў можаце пяць месяцаў не плаціць. Зусім не. Як толькі сума вашай пазыкі ў эквіваленце будзе роўна шасцімесячным налічэнням, мы маем права вас выселіць праз суд.

— А як жа прыватныя кватэры?

— Новы Жыллёвы кодэкс прадугледжвае вырашэнне гэтай сітуацыі. Калі ў даўжнікоў нават прыватнага жылля будзе запазычанасць у памеры сумы шасцімесячных налічэнняў, то мы маем права падаць у суд на прымусовы продаж жылля. Праўда, рашэнне аб падачы дакументаў у суд будзе прымаць Кобрынскі райвыканкам.  Мы будзем рыхтаваць дакументы і звяртацца ў выканаўчы камітэт на дазвол падаць у суд на даўжніка. Суд будзе даваць год часу ўласніку жылля для таго, каб заплаціць пазыку альбо самастойна прадаць кватэру для пагашэння доўгу. І калі напрыканцы гэтага тэрміну ні тое, ні другое не будзе здзейснена, то суд прыме рашэнне аб выстаўленні гэтага жылога памяшкання на публічныя таргі. Кошт кватэры будзе ацэньваць агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Калі кватэру  на працягу некаторага часу ніхто не купіць, то паступова будзе падаць і яе кошт. У выніку, калі кватэра будзе прададзена, то з сумы продажу будуць вылічаны пазыка па камунальных плацяжах, судовыя затраты, затраты на правядзенне аўкцыёну.

— Ці датычыцца новы кодэкс жыхароў інтэрнатаў?

— Так, вядома. Раней мы маглі высяляць з інтэрната так, як і з дзяржкватэр – за антысанітарыю і парушэнне правілаў карыстання. Цяпер мы зможам высяляць тых, хто мае запазычанасць у памеры шасцімесячных налічэнняў.

— Скажыце, ці будуць нейкія паслабленні для людзей, што трапілі ў цяжкую сітуацыю?

— Яны існуюць і зараз. Напрыклад, чалавек упершыню трапіў у даўжнікі і вырашыў пагасіць асноўны доўг.  У такім выпадку ён можа напісаць заяву аб спісанні пені. І на першы раз яна яму спісваецца ў бясспрэчным парадку. Таксама можна напісаць заяву на растэрміноўку пазыкі на некаторы час. Калі людзі імкнуцца вырашаць праблему, мы заўжды ідзем ім насустрач.

Настасся ЗАНЬКО.

ЖКГ: ад «А» да «Я» Новы Жыллёвы кодэкс: даўжнікоў будуць высяляць: 1 комментарий

  • 14/12/2012 в 8:12
    Permalink

    Это все нововведения кодекса? Почему только негатив, что ещё новенького?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *